Пошук

Папа прадстаяцелю Асірыйскай Царквы: еднасць – гэта абмен дарамі

“Няхай наш дыялог паскорыць надыход благаслаўлёнага дня, калі мы зможам разам цэлебраваць ля аднаго алтара”, – пажадаў Леў XIV падчас сустрэчы з Патрыярхам Асірыйскай Царквы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

27 кастрычніка 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Каталікоса-Патрыярха Асірыйскай Царквы Усходу Мар Аву III, якога суправаджалі члены Змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Асірыйскай Царквой.

Пантыфік прывітаў гасцей словамі святога Паўла: “ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста” (Эф 1, 2), падзякаваўшы за прысутнасць на інаўгурацыі пантыфікату, а таксама за візіты, якія ў апошнія гады “сталі прыгожай традыцыяй”. Ён падкрэсліў, што братэрскія сустрэчы і тэалагічны дыялог з’яўляюцца неад’емнымі элементамі на шляху да еднасці. Папа адзначыў, што гэтыя адносіны – не толькі “дыялог праўды”, але і “дыялог любові”, які яднае Касцёл і Асірыйскую Царкву.

Святы Айцец узгадаў важную дату, якая адзначыла мінулы візіт Каталікоса-Патрыярха ў 2024 годзе – трыццацігоддзе афіцыйнага дыялогу паміж дзвюма Цэрквамі. У 1994 годзе Ян Павел II і Патрыярх Мар Дынха IV падпісалі Сумесную дэкларацыю, якая заклала аснову сучаснага тэалагічнага дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Асірыйскай Царквой. За гэтыя гады была дасягнута істотная згода ў хрысталагічным вучэнні, вырашыўшы спрэчку, якая доўжылася 1500 гадоў, а таксама ва ўзаемным прызнанні сакрамэнтаў.

Папа падзякаваў усім тэолагам Змешанай камісіі за намаганні, дзякуючы якім гэтыя пагадненні сталі магчымымі. Сёння галоўная задача заключаецца ў сумеснай распрацоўцы мадэлі поўнай камуніі, натхнёнай першым тысячагоддзем, з улікам выклікаў нашага часу. Поўная еднасць не павінна прадугледжваць паглынання або дамінавання адной Царквы, хутчэй, гэта ўзаемны абмен дарамі, атрыманымі ад Духа Святога, - адзначыў ён.

Святы Айцец падкрэсліў значэнне сінадальнасці як шляху наперад у экуменічных адносінах. Ён згадаў словы Францішка аб тым, што “шлях сінадальнасці, распачаты Каталіцкім Касцёлам, ёсць і павінен быць экуменічным, як і шлях экуменізму – сінадальным”. Леў XIV выказаў надзею на тое, што святкаванне 1700-годдзя Нікейскага Сабора стане нагодай для распаўсюджвання сінадальнасці сярод хрысціян усіх традыцый.

Напрыканцы прамовы Папа заклікаў маліцца за хрысціян Блізкага Усходу ўсім святым абедзвюх Цэркваў, асабліва святому Ісаку Ніневійскаму, імя якога нядаўна было ўключана ў Рымскі мартыралог. Ён выказаў надзею, што надыдзе дзень, калі ўсе хрысціяне будуць разам цэлебраваць Эўхарыстыю ля аднаго алтара, “каб паверыў свет” (Ян 17, 21).

27 кастрычніка 2025, 11:09