Папа: свет патрабуе міжрэлігійнага сяброўства і супрацоўніцтва
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік прысвяціў катэхезу тэме міжрэлігійнага дыялогу. Нагодай стала 60-годдзе дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабора аб адносінах Каталіцкага Касцёла да іншых рэлігій “Nostra aetate”, прынятай 28 кастрычніка 1965 года. У якасці зыходнага пункту свайго разважання Папа спаслаўся на евангельскую гісторыю пра сустрэчу Езуса з самаранкай, якая паказвае сутнасць сапраўднага міжрэлігійнага дыялогу – ён з’яўляецца “абменам, які адбываецца, калі людзі з шчырасцю адкрываюцца адно перад адным, уважліва слухаюць і ўзаемна ўзбагачаюцца”.
“Каля студні ў Сіхары Езус пераадольвае межы культуры, полу і рэлігіі. Ён запрашае самаранку да новага разумення пакланення Богу, якое не абмяжоўваецца пэўным месцам – “не на гэтай гары і не ў Ерузалеме” – але здзяйсняецца ў Духу і праўдзе. Гэты момант паказвае сутнасць міжрэлігійнага дыялогу: адкрыццё прысутнасці Бога па-за ўсякімі межамі і запрашэнне шукаць Яго разам, з пашанай і пакорай”, - сказаў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што Другі Ватыканскі Сабор, прыняццем дэкларацыі “Nostra aetate”, “адкрыў новы гарызонт сустрэчы, павагі і духоўнай адкрытасці”. “Гэты светлы дакумент вучыць нас сустракаць паслядоўнікаў іншых рэлігій не як чужых, але як спадарожнікаў на шляху праўды; паважаць адрозненні, сцвярджаючы нашу агульную чалавечнасць; і распазнаваць у кожным шчырым рэлігійным пошуку водбліск адной Боскай Таямніцы, якая ахоплівае ўсё стварэнне”, - падкрэсліў ён.
Пантыфік нагадаў, што ў першую чаргу дэкларацыя “Nostra aetate” была скіравана да свету юдаізму, з якім святы Ян XXIII хацеў аднавіць пачатковыя адносіны. Леў XIV нагадаў словы гэтага дакумента пра духоўную сувязь народу Новага Запавету з родам Абрагама, а таксама пра асуджэнне і непрыняцце ўсіх форм дыскрымінацыі, нянавісці і пераследу ў адносінах да яўрэяў. “З таго часу ўсе мае папярэднікі ясна асуджалі антысемітызм. І я таксама пацвярджаю, што Касцёл не церпіць антысемітызму і змагаецца з ім у сілу самога Евангелля”, - дадаў Святы Айцец.
Папа адзначыў, што дасягненні ў юдэйска-каталіцкім дыялогу сталі магчымыя не толькі дзякуючы людскім намаганням, але таксама і дзякуючы дапамозе нашага Бога, які, паводле хрысціянскага пераканання, сам у сабе ёсць дыялогам. “Немагчыма адмаўляць, што ў гэты перыяд узнікалі непаразуменні, цяжкасці і канфлікты, але яны ніколі не спынялі дыялогу. І сёння мы не павінны дазволіць, каб палітычныя абставіны ці несправядлівасці некаторых зводзілі нас са шляху сяброўства, асабліва таму, што мы ўжо зрабілі вельмі шмат”, - сцвердзіў Пантыфік.
Па словах Льва XIV, дух “Nostra aetate” працягвае асвятляць шлях Касцёла, які “прызнае, што ўсе рэлігіі могуць адлюстроўваць “промень той Праўды, якая асвячае ўсіх людзей”, і шукаюць адказаў на вялікія таямніцы чалавечага існавання, таму дыялог павінен быць не толькі інтэлектуальным, але і глыбока духоўным”.
“Дэкларацыя заклікае ўсіх католікаў – біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў – шчыра ўключацца ў дыялог і супрацоўніцтва з паслядоўнікамі іншых рэлігій, прызнаючы і падтрымліваючы ўсё, што ёсць добрага, праўдзівага і святога ў іх традыцыях. Гэта сёння неабходна амаль у кожным горадзе свету, дзе з-за чалавечай мабільнасці нашы духоўныя і рэлігійныя разнастайнасці пакліканыя сустракацца і суіснаваць у братэрстве. “Nostra aetate” нагадвае нам, што сапраўдны дыялог мае карані ў любові – адзіным падмурку міру, справядлівасці і прымірэння – і рашуча непрымае любыя формы дыскрымінацыі ці пераследу, сцвярджаючы роўную годнасць кожнага чалавека”, - сказаў Святы Айцец.
“Наш свет, як ніколі, мае патрэбу ў нашай еднасці, сяброўстве і супрацоўніцтве. Кожная з нашых рэлігій можа ўнесці свой уклад у палягчэнне чалавечых пакут і ў клопат пра наш агульны дом – планету Зямля. Нашы традыцыі вучаць праўдзе, спачуванню, прымірэнню, справядлівасці і міру. Мы павінны зноў сцвердзіць служэнне чалавецтву – заўсёды і ўсюды. Разам мы павінны быць пільнымі адносна злоўжыванняў іменем Бога, рэлігіяй і самім дыялогам, а таксама супраць небяспек, якія нясе рэлігійны фундаменталізм і экстрэмізм. Мы таксама павінны звярнуць увагу на адказнае развіццё штучнага інтэлекту, бо калі ён будзе разглядацца як альтэрнатыва чалавеку, гэта можа сур’ёзна парушыць яго бясконцую годнасць і нівеляваць яго асноўныя абавязкі. Нашы традыцыі могуць зрабіць вялікі ўклад у гуманізацыю тэхнікі і, такім чынам, натхняць яе рэгуляванне дзеля абароны фундаментальных правоў чалавека”, - сцвердзіў Пантыфік.
“Як мы ўсе ведаем, нашы рэлігіі вучаць, што мір пачынаецца ў сэрцы чалавека. У гэтым сэнсе рэлігія можа адыграць ключавую ролю. Мы павінны вярнуць надзею ў наша асабістае жыццё, у нашы сем’і, кварталы, школы, вёскі, краіны і ва ўвесь свет. Гэта надзея грунтуецца на нашых рэлігійных перакананнях, на ўпэўненасці, што новы свет магчымы”, - дадаў Папа.
Леў XIV нагадаў, што “Nostra aetate” шэсцьдзясят гадоў таму прынесла надзею пасляваеннаму свету. “Сёння мы пакліканыя аднавіць гэтую надзею ў нашым свеце, знявечаным вайной, і ў прыродным асяроддзі, якое дэградуе. Давайце будзем супрацоўнічаць, бо калі мы адзіныя – усё магчыма. Няхай нічога нас не раздзяляе. І ў гэтым духу хачу яшчэ раз выказаць маю ўдзячнасць за вашу прысутнасць і сяброўства. Давайце перакажам гэты дух сяброўства і супрацоўніцтва наступнаму пакаленню, бо гэта сапраўдны падмурак дыялогу”, - заклікаў Папа, прапанаваўшы прысутным памаліцца ў цішыні, бо “малітва мае сілу змяняць нашы адносіны, думкі, словы і ўчынкі”.
