Візіт Папы да Прэзідэнта Італіі: дыялог пра мір, сям’ю і спадчыну
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пантыфік прыбыў у рэзідэнцыю кіраўніка італьянскай дзяржавы ў суправаджэнні афіцыйнай дэлегацыі Святога Пасада, у склад якой увайшлі Дзяржаўны сакратар кардынал П'етра Паралін, старшыня італьянскага епіскапату кардынал Матэа Дзупі, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі кардынал Бальдасарэ Рэйна і іншыя.
Пасля афіцыйнай цырымоніі прывітання ў двары Квірынальскага палаца, адбылася прыватная размова Льва XIV і Прэзідэнта Матарэлы з трыдыцыйным абменам падарункамі. Папа падарыў Прэзідэнту Італіі мазаіку з выявай Калізея і асобнік сваёй апостальскай адгартацыі “Dilexi te”, а Серджа Матарэла ўручыў Святому Айцу гравюру XVII стагоддзя з выявай скульптуры Алесандра Альгардзі для алтара святога Льва Вялікага ў ватыканскай базіліцы і рэдкае выданне біяграфіі святой Ружы Лімскай 1827 года.
Пасля гэтага Святы Айцец і Прэзідэнт Матарэла выступілі з прамовамі, у якіх падкрэслілі важнасць дыялогу і супрацоўніцтва. У зале прысутнічалі ватыканская і італьянская дэлегацыі, у склад апошняй увайшлі прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні, старшыня Сената Ігнацыа Ла Руса, старшыня Палаты дэпутатаў Ларэнца Фантана і іншыя.
У сваёй прамове Папа падзякаваў кіраўніку Італіі за запрашэнне ў Квірынал і за магчымасць аднавіць моцную сувязь, якая яднае Святы Пасад з італьянскім народам і нязменна грунтуецца на шчырым сяброўстве і плённым узаемным супрацоўніцтве. Леў XIV выказаў жывую ўдзячнасць Святога Пасада за намаганні італьянскіх улад падчас важных касцёльных падзей, якія адбываюцца ў Рыме і маюць сусветны рэзананс. Ён падзякаваў за кранальны і цёплы водгук на смерць Папы Францішка, адзначыўшы глыбокую сувязь свайго папярэдніка з італьянскім народам, а таксама за падтрымку і намаганні падчас канклава. Папа падзякаваў Прэзідэнту і народу Італіі за гасціннасць і эфектыўную арганізацыю Юбілею, назваўшы сінергію і супрацоўніцтва дзяржавы і Касцёла знакам надзеі для ўсіх пілігрымаў, якія прыбываюць у Рым з розных куткоў свету.
Святы Айцец нагадаў пра набліжэнне сотай гадавіны Латэранскіх пагадненняў і падкрэсліў важнасць размежавання сфер кампетэнцыі паміж Касцёлам і Італіяй, у атмасферы сардэчнай павагі і супрацоўніцтва дзеля агульнага дабра і абароны чалавечай годнасці, асабліва найбольш слабых. Ён заклікаў ажыццяўляць любое супрацоўніцтва ў духу Канкардату 1984 года.
Леў XIV выказаў занепакоенасць шматлікімі войнамі і пакутамі ў свеце, заклікаўшы да абавязацельстваў па аднаўленні міру, справядлівасці, раўнапраўя і супрацоўніцтва паміж народамі. У сувязі з гэтым ён выказаў падзяку ўраду Італіі за дапамогу ахвярам войнаў і беднасці, асабліва дзецям Газы, у тым ліку ў супрацоўніцтве з педыятрычным шпіталем “Bambino Gesù”.
Леў XIV падкрэсліў важнасць сумесных намаганняў Італіі і Святога Пасада на карысць шматбаковасці (мультылатэралізму) для вырашэння глабальных праблем, умацавання міру і спрыянне развіццю.
Папа нагадаў пра набліжэнне 800-годдзя смерці святога Францішка Асізскага, апекуна Італіі, што дае магчымасць зрабіць акцэнт на адказнасці за наш агульны дом. Ён падкрэсліў асаблівую місію Італіі ў перадачы народам культуры павагі да стварэння і прыроды.
Святы Айцец выказаў занепакоенасць зніжэннем нараджальнасці ў Еўропе, заклікаўшы да падтрымкі сям’і, годнай працы, павагі да мацярынства і бацькоўства, а таксама да абароны жыцця на ўсіх яго этапах, ад зачацця да натуральнай смерці.
Пантыфік падзякаваў Італіі за шчодрую дапамогу мігрантам і барацьбу з гандлем людзьмі, заклікаўшы захаваць стаўленне адкрытасці і салідарнасці, а таксама спрыяць узаемнаму ўзбагачэнню праз канструктыўную інтэграцыю мігрантаў у італьянскае грамадства.
Леў XIV асудзіў сучасную тэндэнцыю страчваць карані, забываць пра каштоўнасць гістарычных і культурных традыцый, якія выспявалі на працягу стагоддзяў і сфармавалі нашу культурную ідэнтычнасць. Ён папярэдзіў ад сцірання гістарычнай і чалавечай значнасці гэтай спадчыны, ад пагарды тым, што продкі перадалі нам коштам вялікіх ахвяр. Папа заклікаў не паддавацца ілюзорным масавым мадэлям, якія прасоўваюць толькі бачнасць свабоды, каб замест гэтага зрабіць людзей залежнымі ад такіх форм кантролю, як мода, камерцыйныя стратэгіі ці нешта іншае. Ён падкрэсліў значэнне захавання памяці і традыцыі для таго, каб глядзець на сучаснасць і будучыню са свядомасцю, спакоем, адказнасцю і пачуццём перспектывы.
Напрыканцы Пантыфік шчыра пажадаў усяму італьянскаму народу ўсяго найлепшага. "Італія – краіна невычэрпнага багацця, часта сціплага і схаванага, і таму часам яго трэба адкрываць наноў”, - сказаў Леў XIV, заахвочваючы італьянцаў рынуцца ў гэтую выдатную прыгоду, каб чэрпаць з яе надзею і ўпэўнена спраўляцца з сучаснымі і будучымі выклікамі.
