Анёл Панскі: мы – жывыя камяні духоўнага будынка Касцёла
Марыя Валодзіна - Vatican News
9 лістапада 2025 года, у дзень гадавіны пасвячэння Латэранскай базілікі, Леў XIV прапанаваў вернікам, якія сабраліся ў Ватыкане на малітву “Анёл Панскі”, паразважаць над таямніцай адзінства і еднасці з Рымскім Касцёлам, пакліканым быць маці, якая клапатліва дбае пра веру і шлях хрысціян усяго свету.
"Катэдра Рыма і сядзіба наступніка Пятра – гэта не толькі твор незвычайнай гістарычнай, мастацкай і рэлігійнай каштоўнасці, але і пульсуючы цэнтр веры, даверанай апосталам, якая перадаецца праз стагоддзі. Веліч гэтай таямніцы адлюстроўваецца таксама ў мастацкай прыгажосці будынка, у цэнтральным нефе якога размешчаны дванаццаць вялікіх статуй апосталаў, першых паслядоўнікаў Хрыста і сведкаў Евангелля", - нагадаў Святы Айцец.
Папа заклікаў вернікаў паглядзець глыбей, духоўным позіркам, каб убачыць у Касцёле не проста месца, фізічную прастору, будынак з камянёў. Як нагадвае Евангелле ў эпізодзе пра ачышчэнне святыні ў Ерузалеме (пар. Ян 2:13–22), сапраўдны храм Божы – гэта Хрыстус, памерлы і ўваскрослы. Ён – адзіны Пасярэднік збаўлення, адзіны Адкупіцель, брама, якая адчыняецца для нас і вядзе да Айца (пар. Ян 10:9).
“Злучаныя з Ім, мы таксама становімся жывымі камянямі гэтага духоўнага будынка (пар. 1 Пт 2:4–5). Мы – Касцёл Хрыста, Яго Цела, Яго члены, пакліканыя распаўсюджваць у свеце Яго Евангелле міласэрнасці, суцяшэння і супакою”. Гэты “духоўны культ” павінен перш за ўсё выяўляцца ў нашым штодзённым сведчанні жыцця, - сказаў Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў, што мы павінны трэніраваць сваё сэрца для такога духоўнага позірка. Бо часта слабасці і памылкі, стэрэатыпы і забабоны перашкаджаюць нам спасцігнуць багацце таямніцы Касцёла. Яго святасць не ад чалавечых заслуг, яна – дар Пана, які ніколі не знікне, і які, як пісаў Бэнэдыкт XVI, Бог з парадаксальнай любоўю працягвае дарыць “нават і менавіта ў брудныя рукі людзей”.
Леў XIV заахвоціў вернікаў ісці наперад у радасці, як святы Народ, выбраны Богам, і заклікаць Марыю, Маці Касцёла, дапамагаць ім прыняць Хрыста і суправаджаць іх сваім заступніцтвам.