Агульная аўдыенцыя: мець адвагу жыць і дарыць жыццё
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Пасха Хрыста асвячае таямніцу жыцця і дазваляе нам глядзець на яго з надзеяй”, нават калі жыццё “здаецца складаным, пазначаным шматлікімі пакутамі, праблемамі і перашкодамі, якія трэба пераадолець”, - запэўніў Святы Айцец у чарговай катэхезе з Юбілейнага цыклу “Езус Хрыстус – наша надзея”.
Пантыфік нагадаў, што жыццё – гэта дар, які мы не можам даць сабе самі, але які пакліканы ахоўваць і падтрымліваць. Ён падкрэсліў, што пытанне пра сэнс жыцця з’яўляецца “адным з самых важных пытанняў чалавечага сэрца”. “Жыццё патрэбуе сэнсу, напрамку, надзеі. І надзея дзейнічае як глыбокі імпульс, які дазваляе нам праходзіць праз цяжкасці, не апускаць рукі перад цяжарам падарожжа, быць упэўненымі, што жыццёвае пілігрымаванне вядзе нас дадому”, - сказаў Леў XIV.
“Без надзеі жыццё можа ўяўляцца нам як момант паміж дзвюма вечнымі начамі, кароткі перапынак перад і пасля нашым пераходам па зямлі. Мець надзею ў жыцці, аднак, значыць ужо зараз адчуваць водар мэты, цвёрда верыць у тое, чаго мы яшчэ не бачым і не дакранаемся, давяраць і давярацца любові Айца, Які стварыў нас, бо з любові захацеў, каб мы былі і былі шчаслівыя”, - падкрэсліў Папа.
Пантыфік заўважыў, што ў свеце распаўсюджана хвароба недахопу даверу да жыцця. Мы адчуваем сябе бяссільнымі перад злым лёсам і рызыкуем бачыць жыццё не як “магчымасць, атрыманую ў дар, але як невядомасць, амаль пагрозу, якой трэба сцерагчыся, каб не застацца расчараванымі”. “Таму сёння як ніколі тэрміновым з’яўляецца заклік да адвагі жыць і нараджаць жыццё, а таксама сведчыць пра тое, што Бог – дасканалы “жыццялюб”, як сцвярджае Кніга Мудрасці Саламона”, - дадаў ён.
Святы Айцец нагадаў, што ў Езус Хрыстус пастаянна пацвярджаў свой клопат пра жыццё праз аздараўленне хворых, вяртанне здароўя параненым целам і душам, уваскрашэнне памерлых. “Робячы ўсё гэта, уцелаўлёны Сын адкрывае Айца: вяртае годнасць грэшнікам, адпускае грахі і агарняе сваім абяцаннем ўсіх, асабліва тых, хто знаходзіцца ў роспачы, адчужаных і аддаленых”, - падкрэсліў Пантыфік.
“Хрыстус, народжаны Айцом, з’яўляецца жыццём і дае жыццё, не шкадуючы нічога, нават уласнага жыцця, заклікаючы таксама і нас дарыць жыццё”, - сказаў Папа, нагадаўшы, што нараджаць – значыць менавіта даваць жыццё камусьці іншаму. “Сусвет жывых пашырыўся праз гэты закон, які ў сімфоніі стварэнняў дасягае цудоўнага “крэшчэнда”, кульмінацыяй якога стаў дуэт мужчыны і жанчыны: Бог стварыў іх на свой вобраз і даверыў ім місію стварэння на свой вобраз, гэта значыць для любові і ў любові”, - дадаў ён.
Пантыфік заўважыў, што чалавечыя адносіны ад самага пачатку былі пазначаны супярэчнасцямі, аж да братазабойства. “Каін убачыў у браце Абэле саперніка, пагрозу і ў сваёй трывожнасці не адчуў сябе здольным любіць і паважаць яго. Наступствам гэтага сталі рэўнасць, зайздрасць і кроў. Божая логіка, аднак, іншая. Бог заўсёды застаецца верным сваёй задуме любові і жыцця; Ён не стамляецца падтрымліваць чалавецтва, нават калі, ідучы па слядах Каіна, яно падпарадкоўваецца сляпому інстынкту гвалту – вайны, дыскрымінацыі, расізму, шматлікіх формаў рабства”, - запэўніў Святы Айцец.
“У гэтым сэнсе нараджаць значыць давяраць Богу жыцця і падтрымліваць усё чалавечае ва ўсіх яго вымярэннях: у першую чаргу ў цудоўнай прыгодзе мацярынства і бацькоўства, у тым ліку ў сацыяльных кантэкстах, дзе сем’ям складана несці цяжар штодзённасці і яны часта не могуць рухацца наперад у сваіх задумах і марах. У святле гэтай логікі, дарыць жыццё значыць прыкладаць намаганні на карысць салідарнай эканомікі, шукаць агульнага дабра, якім усе могуць карыстацца ў роўнай ступені, паважаць і ахоўваць стварэнне, несці суцяшэнне праз увагу, прысутнасць, канкрэтную і бескарыслівую любоў”, - сказаў Пантыфік.
“Сёстры і браты, уваскрасенне Езуса Хрыста – гэта сіла, якая падтрымлівае нас у гэтым выкліку, нават там, дзе цемра зла робіць цьмянымі сэрца і розум. Калі здаецца, што жыццё спынілася, зайшло ў тупік, уваскрослы Пан праходзіць зноў, аж да канца часоў, і ідзе разам з намі і дзеля нас. Ён – наша надзея”, - завяршыў катэхезу Папа.
