Пошук

Папа: наследаванне Хрыста патрабуе экалагічнага навяртання

Уваскрасенне Хрыста кліча да адказнага стаўлення да стварэння і здольнасці чуць тых, хто пазбаўлены голасу, - заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 19 лістапада 2025 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“На працягу Юбілейнага года, прысвечанага надзеі, мы разважаем пра адносіны паміж Уваскрасеннем Хрыста і выклікамі сучаснага свету, якія з’яўляюцца нашымі выклікамі. Езус, Жывы, часам хоча спытацца і ў нас: “Чаго ты плачаш? Каго шукаеш?”. На самай справе на выклікі немагчыма адказаць у адзіночку, а слёзы – гэта жыццёвы дар, калі яны ачышчаюць нашы вочы і робяць свабодным наш позірк”, - сказаў Папа па пачатку чарговай катэхезы з юбілейнага цыклу “Езус Хрыстус – наша надзея”.

Магіла ў садзе

Пантыфік нагадаў, што калі ўваскрослы Езус аб’явіўся Марыі Магдалене, яна не адразу пазнала Яго, бо думала, што гэта садоўнік. “І сапраўды, ужо распавядаючы пра пахаванне Езуса на захадзе вялікай пятніцы, тэкст быў вельмі дакладным: “На месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе – новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі. Там з прычыны прыгатавання юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка” (Ян 19, 40-41), - нагадаў евангельскія словы Святы Айцец.

Уваскрасенне аднаўляе адносіны чалавека да стварэння

Леў XIV заўважыў, што “драматычная барацьба паміж цемрам і святлом”, якая прывяла да забойства Божага Сына, завяршылася “ў супакоі суботы і прыгажосці саду”, дзе адбылося Яго ўваскрасенне. Такім чынам уваскрослы Езус, Які робіць усё новым, хоча абнавіць таксама і адносіны чалавека да стварэння, нагадвае пра яго першапачатковае заданне – даглядаць і ахоўваць сад. “Калі чалавек не з’яўляецца ахоўнікам саду, ён становіцца яго разбурыцелем”, - папярэдзіў Папа.

Пасха – падмурак духоўнасці інтэгральнай экалогіі

“Смерць і ўваскрасенне Езуса, такім чынам, з’яўляюцца падмуркам духоўнасці інтэгральнай экалогіі, па-за межамі якой словы веры застаюцца без сувязі з рэальнасцю, а словы навукі – без сэрца. “Экалагічную культуру нельга зводзіць да серыі выпадковых і аднабаковых адказаў на праблемы, якія ўзнікаюць у сувязі з дэградацыяй навакольнага асяроддзя, вычарпаннем натуральных рэсурсаў і забруджваннем. Яна павінна быць іншым поглядам, мысленнем, палітыкай, адукацыйнай праграмай, стылем жыцця і духоўнасці, якія б надавалі форму супраціву” (Laudato si’, 111), - нагадаў ён.

Патрэба ў пастаянным навяртанні

“Таму мы кажам пра экалагічнае навяртанне, якое хрысціяне не могуць аддзяліць ад змены напрамку, якога патрабуе ад іх наследаванне Езуса”, - сказаў Папа, заўважыўшы, што сімвалам гэтай перамены з’яўляецца жэст Марыі Магдалены, якая, пачуўшы голас Уваскрослага, павярнулася да Яго ў тую пасхальную раніцу.

“Толькі пастаянна навяртаючыся, мы пяройдзем з гэтай даліны слёз у новы Ерузалем. Гэты пераход, які пачынаецца ў сэрцы і з’яўляецца духоўным, змяняе гісторыю, публічна абавязвае нас, актывізуе салідарнасць, якая ўжо зараз абараняе людзей і стварэнні ад прагнасці ваўкоў, у імя і сілай Ягня Пастыра”, - сказаў Папа.

Чуць галасы тых, хто не мае голасу

Леў XIV заўважыў, што на гэтым шляху хрысціяне могуць сустрэць сёння “мільёны маладых людзей і іншых мужчын і жанчын добрай волі, якія пачулі вокліч бедных і зямлі, дазволіўшы ім дакрануцца да іх сэрцаў”. “Вельмі шмат людзей, якія таксама жадаюць, праз больш прамыя адносіны са стварэннем, новай гармоніі, якая прывядзе іх далёка за межы шматлікіх падзелаў”, - дадаў Святы Айцец, завяршаючы катэхезу пажаданнем: “Няхай Святы Дух дасць нам здольнасць чуць голас тых, хто не мае голасу. Тады мы ўбачым тое, што вочы яшчэ не бачаць: той сад, рай, насустрач якому мы ідзём толькі калі кожны прымае і спаўняе ўласнае заданне”.
 

19 лістапада 2025, 10:35

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >