Леў XIV сустрэўся з італьянскай спявачкай Лаўрай Паўзіні
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік працягвае дыялог са светам культуры. Праз некалькі дзён пасля кароткай аўдыенцыі для амерыканскага акцёра Роберта Дэ Ніра і напярэдадні вялікай сустрэчы з прадстаўнікамі свету кіно Святы Айцец прыняў Лаўру Паўзіні – адну з самых знакамітых сучасных італьянскіх поп-спявачак, лаўрэата “Grammy Awards” 2006 года і пяціразовую пераможцу лацінаамерыканскай версіі гэтай прэстыжнай прэміі: значную частку яе рэпертуара складаюць спевы на іспанскай мове.
Леў XIV прызнаўся, што з’яўляецца аматарам творчасці Паўзіні з 1993 года, калі яна ўпершыню выступіла на італьянскім фестывалі “Сан-Рэма” і перамагла ў конкурсе маладых выканаўцаў. Але самым вялікім аматарам музыкі італьянкі — “калі не ў свеце, то ў Лацінскай Амерыцы” – ён назваў свайго асабістага сакратара, ксяндза Эдгарда Рамайкуна Інга, прысутнага на сустрэчы.
Лаўра Паўзіні падарыла Папу запіс свайго новага спеву, які яшчэ ніколі не выконваўся публічна. Твор натхнёны “Гімнам стварэння” Францішка Асізскага і быў напісаны з нагоды надання ўспаміну гэтага святога – 4 кастрычніка – статусу дзяржаўнага свята ў Італіі. “Я спадзяюся, што Вам спадабаецца”, - сказала спявачка. Леў XIV у сваю чаргу адзначыў актуальнасць з’яўлення гэтага спеву, бо ў 2026 годзе ў Касцёле будзе адзначацца 800-годдзе з дня смерці Асізскага Бедняка.
