Пантыфік наведаў кляштар святой Клары ў Монтефалька
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пасля ранішняй малітвы на магіле святога Францішка Асізскага і звароту да ўдзельнікаў Генеральнай асамблеі Канферэнцыі Біскупаў Італіі, Папа на верталёце накіраваўся ў Монтефалька. Там яго сустракаў мэр Альфрэда Джэнцілі, а на вузкіх вуліцах старадаўняга мястэчка віталі мясцовыя жыхары.
Сустрэча з манахінямі
Пантыфік наведаў кляштар аўгустынак, які існуе з 1290 года і захоўвае духоўную спадчыну святой Клары з Монтефалька. Там яго чакала невялікая супольнасць, якая сёння налічвае трынаццаць сясцёр. Святы Айцец правёў з імі цёплую і нефармальную размову.
Пасля візіту настаяцельніца маці Марыя Крысціна Дагуаці падзялілася ўражаннямі: “Мы знаёмы з ім шмат гадоў. У некаторых з нас было некалькі асабістых сустрэч з ім, калі ён быў айцом-генералам ордэна. Ён – чалавек з надзвычай мірным характарам. Ён бяззбройны і абяззбройваючы”.
Святая Імша ў Касцёле святой Клары
Пантыфік узначаліў Святую Імшу ў касцёле, які захоўвае рэліквіі святой Клары, у тым ліку яе сэрца з сімваламі Мукі Хрыстовай. Для Льва XIV візіт меў асабістае значэнне: ён распавёў манахіням пра сваю даўнюю духоўную сувязь з гэтай святой і пра важныя падзеі свайго жыцця, звязаныя з амерыканскімі касцёламі, прысвечанымі святой Клары.
Абед і падарункі
Пасля набажэнства Папа паабедаў з сёстрамі-кларыскамі і атрымаў ад іх падарункі: каляндар на 2026 год “Бяззбройны і абяззбройваючы супакой”, некалькі фатаграфій, літургічнае адзенне з гербам аўгустынцаў, мясцовае віно і прадукты ўласнай вытворчасці.
Атмасфера братэрства
Манахіні адзначылі, што сустрэча прайшла ў сямейнай атмасферы, бо Папа – аўгустынец. Яны абмеркавалі жыццё кляштараў, сінадальны шлях Касцёла і ролю малітвы. Пантыфік асабліва ўзрадаваўся таму, што манахіні штодня моляцца за яго пасля малітвы “Анёл Панскі”.
