Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: ШІ ў медыцыне не павінен замяніць адносіны і клопат

Медыцынская прафесійнасць патрабуе не толькі неабходных спецыяльных ведаў, але і здольнасці камунікаваць і быць побач з іншымі, - нагадаў Папа ўдзельнікам канферэнцыі аб выкарыстанні штучнага інтэлекту ў медыцыне.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Леў XIV скіраваў пасланне да ўдзельнікаў міжнароднага кангрэса, арганізаванага Папскай акадэміяй жыцця на тэму: “Штучны інтэлект і медыцына: выклік чалавечай годнасці”, які 10-12 лістапада 2025 года праходзіць у Ватыкане.

“Лічбавая рэвалюцыя адыгрывае цэнтральную ролю ў фармаванні таго, што Папа Францішак назваў “эпахальнай зменай”. Мы цяпер перажываем час новых тэхналагічных дасягненняў, якія ў пэўным сэнсе можна параўнаць з прамысловай рэвалюцыяй, але яны значна больш усеахопныя. Яны істотна ўплываюць на наш спосаб мыслення, змяняючы разуменне сітуацый і ўспрыманне саміх сябе і іншых”, - напісаў Папа, заўважаючы, што ўзаемадзеянне з машынамі як з суразмоўцамі нясе рызыку “не толькі страціць з-пад увагі абліччы людзей вакол нас, але і забыць, як распазнаваць і цаніць усё, што сапраўды чалавечае”.

“Няма сумневу, што тэхналагічны прагрэс прынёс і працягвае прыносіць чалавецтву значную карысць, асабліва ў галіне медыцыны і аховы здароўя. Каб забяспечыць сапраўдны прагрэс, неабходна, каб чалавечая годнасць і агульнае дабро заставаліся непахіснымі прыярытэтамі як для асобных людзей, так і для дзяржаўных структур. Лёгка заўважыць разбуральны патэнцыял тэхналогій і нават медыцынскіх даследаванняў, калі яны ставяцца на службу антычалавечым ідэалогіям. Гістарычныя падзеі ў гэтым сэнсе служаць папярэджаннем: сродкі, якімі мы сёння валодаем, яшчэ больш магутныя і могуць прынесці яшчэ больш спусташальныя вынікі для жыцця асобаў і народаў. Аднак калі іх выкарыстаць дзеля сапраўднага служэння чалавеку, яны могуць стаць крыніцай перамены і дабра”, - адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што далікатнасць чалавечай прыроды асабліва выразна праяўляецца ў сферы медыцыны, дзе неабходна памятаць і пра чалавечую годнасць. “Медыцынскія работнікі маюць пакліканне і адказнасць быць вартаўнікамі і слугамі чалавечага жыцця, асабліва на яго найбольш уразлівых этапах. Гэта ж можна сказаць і пра тых, хто нясе адказнасць за выкарыстанне ШІ ў гэтай галіне. Сапраўды, чым больш крохкае чалавечае жыццё, тым больш высакароднасці патрабуецца ад тых, каму яно даверанае”, -падкрэсліў Леў XIV.

Пантыфік заўважыў, што ў сферы клопату пра чалавека незаменную ролю адыгрываюць чалавечыя адносіны. “Медыцынская прафесійнасць патрабуе не толькі неабходных спецыяльных ведаў, але і здольнасці камунікаваць і быць побач з іншымі. Яна ніколі не можа зводзіцца толькі да вырашэння праблемы. Аналагічна, тэхналагічныя сродкі ні ў якім разе не павінны знішчаць асабістыя адносіны паміж пацыентам і медыцынскім персаналам. Калі ШІ павінен служыць чалавечай годнасці і эфектыўнаму аказанню медыцынскай дапамогі, неабходна, каб ён па-сапраўднаму ўзмацняў міжасобасныя адносіны і сам клопат”, - адзначыў Святы Айцец.

“Улічваючы велізарныя эканамічныя інтарэсы, якія часта пастаўлены на кон у сферах медыцыны і тэхналогій, і барацьбу за кантроль, жыццёва неабходна спрыяць шырокаму супрацоўніцтву паміж усімі, хто працуе ў сферы аховы здароўя і палітыкі – такому супрацоўніцтву, што выходзіць далёка за нацыянальныя межы. Таму я рады, што на вашай канферэнцыі прысутнічаюць дакладчыкі з розных кантынентаў і асяроддзяў”, - падкрэсліў Папа, запэўніваючы ўдзельнікаў кангрэса ў малітве і ўдзяляючы ім сваё благаслаўленне.
 

10 лістапада 2025, 10:16