Леў XIV сустрэўся з украінскімі дзецьмі, вернутымі з Расіі
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Святы Айцец сустрэўся ў Апостальскім палацы з прадстаўнікамі Украіны пад кіраўніцтвам намесніцы кіраўніка Офіса Прэзідэнта Ірыны Верашчук. Асабліва кранальным момантам стала прысутнасць дзяцей, якія змаглі вярнуцца на Радзіму з Расіі ў рамках прэзідэнцкай ініцыятывы "Bring Kids Back UA". Разам з імі Ватыкан наведалі іх сваячкі – жанчыны, якія таксама перажылі няволю і нарэшце здабылі свабоду, вярнуўшыся дадому.
Падчас размовы Ірына Верашчук выказала глыбокую ўдзячнасць Пантыфіку за суперажыванне болю свайго народа і ўважлівае стаўленне да просьбаў аб дапамозе. Яна асабліва адзначыла штодзённыя гуманітарныя намаганні Святога Пасада, якія спрыяюць уз’яднанню падзеленых сем’яў.
Прадстаўніца ўкраінскай улады звярнулася да Папы з просьбай аб далейшай падтрымцы ў няпростай справе вяртання дзяцей, вызвалення палонных і стварэння ўмоў, пры якіх кожны выгнаны вайной украінец змог бы зноў абняць сваіх блізкіх у родным доме.
Сустрэча мела не толькі дыпламатычны, але і глыбока малітоўны характар. Па прапанове Льва XIV, пасол Украіны пры Святым Пасадзе і Мальтыйскім ордэне Андрэй Юраш распачаў малітву "Ойча наш" на ўкраінскай мове, да слоў якой далучыліся ўсе прысутныя ў зале.
На памяць аб гэтым важным візіце дзеці ўручылі Святому Айцу свае малюнкі і дзве цішоткі з сімволікай Украіны. Пантыфік адказаў жэстам духоўнай блізкасці, падарыўшы кожнаму ўдзельніку сустрэчы ружанец.
