Пошук

Папа: хрысціяне пакліканы змяняць свет сілай пасхальнай надзеі

Велікоднае пасланне – гэта самая прыгожая, радасная і ўзрушальная навіна, якая калі-небудзь гучала ў гісторыі, - заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 5 лістапада 2025 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Пасха Езуса – гэта не падзея далёкага мінулага, якая ўкаранілася ў традыцыі, як многія іншыя эпізоды чалавечай гісторыі”, - падкрэсліў на пачатку катэхезы Пантыфік, падкрэсліваючы, што “пасхальная таямніца з’яўляецца цэнтрам жыцця хрысціяніна, вакол якога круцяцца ўсе астатнія падзеі”.

Леў XIV нагадаў, што кожны чалавек перажывае досвед болю, пакут і смутку, пераплеценых з радасцю, захапленнем і спакоем, і ў кожнай сітуацыі яго сэрца мае прагу паўнаты і глыбокага шчасця, на якую адказвае менавіта таямніца Уваскрасення.

“Велікоднае пасланне – гэта самая прыгожая, радасная і ўзрушальная навіна, якая калі-небудзь гучала ў гісторыі. Гэта дасканалая “Добрая вестка”, што сведчыць пра перамогу любові над грахом і жыцця над смерцю. Таму яна адна здольная даць поўны адказ на пытанне пра сэнс, што трывожыць наш розум і сэрца. Чалавек кіруецца ўнутраным рухам, імкнучыся да таго, што знаходзіцца за даляглядам і пастаянна яго прыцягвае. Ніякая часовая рэальнасць яго не задавальняе. Мы імкнемся да бясконцага і вечнага”, - адзначыў Папа, нагадваючы, што гэта імкненне не гасіць нават досвед пакут і усведамленне чалавекам яго часовасці на зямлі.

Ва ўваскрослым Хрысце мы заўсёды маем “пуцяводную зорку, да якой можам скіроўваць сваё жыццё сярод відавочнага хаосу, пазначанага падзеямі, што часта здаюцца нам блытанымі, непрымальнымі, незразумелымі: зло ў шматлікіх яго формах, пакуты, смерць – падзеі, якія датычаць усіх і кожнага”, - сказаў Леў XIV, падкрэсліўшы, што “разважаючы над таямніцай Уваскрасення, мы знаходзім адказ на прагу сэнсу”.

“Перад абліччам нашай крохкай чалавечнасці велікоднае пасланне становіцца лекам і аздараўленнем, падпітвае надзею перад жахлівымі выклікамі, якія жыццё ставіць перад намі штодзень – як на асабістым, так і на сусветным узроўні”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што “Пасха не пазбаўляе крыжа, але перамагае яго ў тым дзівосным паядынку, які змяніў гісторыю чалавецтва”. “Таксама наш час, пазначаны мноствам крыжоў, патрабуе світанку велікоднай надзеі. Уваскрасенне Хрыста – гэта не ідэя, не тэорыя, але Падзея, якая ляжыць у аснове веры. Ён, Уваскрослы, праз Духа Святога працягвае нагадваць нам пра гэта, каб мы маглі быць Яго сведкамі нават там, дзе чалавечая гісторыя не бачыць святла на гарызонце. Велікодная надзея не падводзіць. Па-сапраўднаму верыць у Пасху на штодзённым шляху – гэта значыць перамяняць сваё жыццё, быць перамененымі, каб змяняць свет лагоднай і адначасова адважнай сілай хрысціянскай надзеі”, - завяршыў катэхезу Папа.
 

05 лістапада 2025, 10:45

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >