Ад “Dei Verbum” да лічбавай эры: Папа акрэсліў задачы біблістаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустракаючыся з членамі Каталіцкай біблійнай федэрацыі, Леў XIV нагадаў, што Касцёл пакліканы з пашанай слухаць Слова Божае і з верай яго абвяшчаць.
Аўдыенцыя, якая прайшла 17 лістапада 2025 года ў Апостальскім палацы, была прымеркавана да 60-годдзя прыняцця дагматычнай канстытуцыі “Dei Verbum”. Пантыфік падзякаваў усім за служэнне Слову Божаму, звяртаючыся да кардыналаў Луіса Тагле і Курта Коха, а таксама да ўсіх чальцоў і сяброў Федэрацыі.
Святы Айцец падкрэсліў, што місія і бачанне Федэрацыі павінны заўсёды натхняцца перакананнем, што Касцёл чэрпае жыццё не з сябе, а з Евангелля. Менавіта ў Добрай Навіне ён пастаянна нанова адкрывае кірунак свайго шляху пад кіраўніцтвам Духа Святога. Таму слуханне і абвяшчэнне Слова Божага з’яўляюцца ў поўным сэнсе дзеяннем Касцёла: гэта “нявеста, якая з уважлівай любоўю слухае голас жаніха”.
Папа звярнуў увагу на неабходнасць забеспячэння лёгкага доступу да Святога Пісання для ўсіх вернікаў, каб кожны мог сустрэць Бога, які прамаўляе, дзеліцца сваёй любоўю і вядзе да паўнаты жыцця. Ён адзначыў важнасць перакладаў Бібліі і заахвоціў да практыкі “Lectio divina”.
Пантыфік паставіў перад біблістамі і новыя пытанні, звязаныя з выклікамі сучаснасці. Ён заўважыў, што маладое пакаленне жыве ў лічбавым асяроддзі, дзе Слова Божае лёгка можа быць заглушана іншымі галасамі.
Ён заклікаў да пошуку новых форм біблійнага апостальства, здольных адкрыць шляхі да Пісання ў сучасным свеце, каб Божае Слова магло ўкараніцца ў сэрцах людзей і весці іх да жыцця ў ласцы.
На заканчэнне Леў XIV заахвоціў прысутных быць сведкамі першынства Божага Слова перад мноствам галасоў, якія напаўняюць свет. Ён даручыў іх працу заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, “якая навучыла нас мастацтву слухання” і ўмацоўвае ў паслухмянасці Слову, пасля чаго ўдзяліў усім сваё апостальскае благаслаўленне.
