Папа да духавенства Турцыі: сіла Касцёла ў евангельскай маласці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У пятніцу, 28 лістапада, сталіца Турцыі стала сведкай чарговага этапу апостальскага падарожжа Льва XIV. Раніца Пантыфіка пачалася з прыватнай святой Імшы ў апостальскай дэлегатуры, пасля якой ён накіраваўся ў мясцовую катэдру Духа Святога.
Гэты гістарычны храм, адкрыты для культу яшчэ ў 1846 годзе і ўзведзены ў ранг базілікі святым Янам Паўлам ІІ, стаў месцам сустрэчы Наступніка Пятра з "малым статкам" – біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і душпастырскімі супрацоўнікамі мясцовага Касцёла. Ля ўваходу Папу цёпла прывітаў апостальскі вікарый Стамбула, а дзеці ў традыцыйных строях уручылі яму кветкі.
Пасля прывітальных слоў старшыні Канферэнцыі Біскупаў Турцыі, арцыбіскупа Марціна Кметэка, і літургічных чытанняў на турэцкай і англійскай мовах, Святы Айцец звярнуўся да прысутных з глыбокай прамовай. Ён назваў Турцыю "святой зямлёй", дзе гісторыя народу Ізраэля сустракаецца з нараджэннем хрысціянства, дзе прапаведавалі Апосталы і пісаліся старонкі Сусветных Сабораў. Аднак цэнтрам яго разважанняў стала тэма евангельскай маласці.
Божая логіка: сіла ў нязначным
Леў XIV падкрэсліў, што Бог глядзіць на свет інакш, чым людзі: Ён абірае шлях маласці. "Гэта логіка – сапраўдная сіла Касцёла. Яна не ў рэсурсах ці структурах, плён місіі не залежыць ад колькасці, эканамічнай моцы ці грамадскага ўплыву", - адзначыў Пантыфік.
Ён нагадаў словы свайго папярэдніка Францішка аб тым, што Валадарства Божае прарастае менавіта ў малым. Для мясцовай супольнасці, якая часта адчувае сваю нешматлікасць, гэтыя словы сталі магутным імпульсам надзеі. Папа заклікаў не глядзець з настальгіяй на слаўнае мінулае Візантыі, а з даверам прыняць сваю ролю "закваскі" ў сучасным грамадстве.
Выклікі часу: моладзь, мігранты і спадчына Нікеі
Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на знакі надзеі, сярод якіх вылучыў цікавасць моладзі да Касцёла. Ён заахвоціў духавенства быць адкрытымі на пытанні маладых людзей і суправаджаць іх.
Іншым важным выклікам, паводле Папы, з'яўляецца служэнне мігрантам і бежанцам. Улічваючы, што і сам мясцовы Касцёл у значнай ступені складаецца з іншаземцаў, Леў XIV заклікаў да "асаблівага высілку інкультурацыі", каб мова і звычаі Турцыі станавіліся роднымі для душпастыраў.
Гаворачы пра 1700-годдзе Першага Нікейскага Сабору, Пантыфік акрэсліў тры актуальныя задачы: паглыбленне сутнасці веры вакол “Credo”, нанова адкрыццё аблічча Бога ў Хрысце, каб пазбегнуць "новага арыянства", якое зводзіць Езуса толькі да мудрага настаўніка, і, нарэшце, развіццё дактрыны. Папа нагадаў, што вера павінна выказвацца мовай культуры свайго часу, застаючыся вернай сваёй нязменнай сутнасці.
На заканчэнне Леў XIV прыгадаў постаць святога Яна XXIII, які калісьці служыў на гэтай зямлі і шчыра палюбіў яе народ. "Пераймаць рыбакоў Басфора – працаваць дзень і ноч з запаленымі паходнямі – гэта наш сур'ёзны і святы абавязак", - працытаваў Папа словы "Добрага Папы", даручаючы прысутных апецы Багародзіцы.
