Пошук

Удзельнікі курса для дыяцэзіяльных адказных за літургічнае душпастырства падчас папскай аўдыенцыі Удзельнікі курса для дыяцэзіяльных адказных за літургічнае душпастырства падчас папскай аўдыенцыі  (@Vatican Media)

Леў XIV: фарміраваць вернікаў у літургічнай свядомасці

Леў XIV сустрэўся з адказнымі за літургічную фармацыю ў дыяцэзіях. Ён заклікаў іх клапаціцца аб якасці цэлебрацый і аднаўляць парафіяльныя літургічныя групы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

17 лістапада 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў курса для дыяцэзіяльных адказных за літургічнае душпастырства, арганізаванага Папскім літургічным інстытутам святога Анзэльма ў Рыме.

Святы Айцец падкрэсліў, што такія ініцыятывы адпавядаюць падвойнай місіі інстытута: захаванню вернасці літургічнай традыцыі і рэформе Другога Ватыканскага Сабора, а таксама фармацыі душпастыраў і вернікаў.

Не стамляцца ў справе літургічнай рэформы, аднаўляючы добрыя ініцыятывы і шукаючы новыя шляхі

Спасылаючыся на Апостальскі ліст "Desiderio desideravi" Папы Францішка, Леў XIV адзначыў неабходнасць распаўсюджваць веды пра літургію па-за акадэмічнымі коламі ў даступнай форме, каб кожны вернік мог узрастаць у разуменні яе тэалагічнага сэнсу.

Удзельнікі курса для дыяцэзіяльных адказных за літургічнае душпастырства падчас папскай аўдыенцыі
Удзельнікі курса для дыяцэзіяльных адказных за літургічнае душпастырства падчас папскай аўдыенцыі   (@Vatican Media)

Пантыфік звярнуў увагу на важнасць біблійных і літургічных курсаў у дыяцэзіях і парафіях, якія дапамогуць вернікам праз абрады, малітвы і бачныя знакі спасцігаць таямніцу веры, што цэлебруецца. Асаблівую ўвагу, на думку Папы, трэба надаваць падрыхтоўцы лектараў, якія павінны мець базавыя біблійныя кампетэнцыі, выразную дыкцыю і здольнасць спяваць рэспансарыйны псальм.

Належна рыхтаваць тых, хто абвяшчае Божае слова падчас цэлебрацый

Святы Айцец нагадаў, што дыяцэзіяльны аддзел па справах літургічнага душпастырства адказвае за пастаянную фармацыю духавенства і свецкіх, падрыхтоўку да паслуг, а таксама за апеку над парафіяльнымі літургічнымі групамі, міністрантамі, лектарамі і кантарамі.

Агульнае фота Папы з удзельнікамі літургічнага курса
Агульнае фота Папы з удзельнікамі літургічнага курса   (@Vatican Media)

Ён заклікаў спрыяць плённаму ўдзелу Божага народа ў годнай і стрыманай у сваёй урачыстасці літургіі. Пантыфік таксама звярнуў увагу на важнасць пашырэння практыкі Літургіі гадзін, клопату пра народную пабожнасць і ўліку цэлебрацыйнага вымярэння пры будаўніцтве і адаптацыі храмаў.

Аднавіць парафіяльныя літургічныя групы, каб супольна клапаціцца пра прыгажосць цэлебрацый

Папа выказаў занепакоенасць тым, што некаторыя парафіяльныя літургічныя групы з цягам часу зніклі, і заклікаў прыкласці намаганні, каб гэтая сфера касцельнага жыцця зноў стала прывабнай і здольнай прыцягнуць кампетэнтных людзей. Паводле яго, досвед нават невялікай, але матываванай групы, якая займаецца падрыхтоўкай літургіі, з'яўляецца выразам супольнасці, што клапоціцца пра свае цэлебрацыі, рыхтуе іх і перажывае ў паўнаце, у згодзе з пробашчам.

Папа пажадаў, каб час, праведзены ў Рыме ў Юбілейным годзе, умацаваў духоўныя сілы ўдзельнікаў курса для працягу іх душпастырскай дзейнасці з новым запалам.
 

17 лістапада 2025, 11:09