Пошук

Леў XIV падчас абеду з людзьмі, якія знаходзяцца ў цяжкіх жыццёвых абставінах, у Кастэль-Гандольфа Леў XIV падчас абеду з людзьмі, якія знаходзяцца ў цяжкіх жыццёвых абставінах, у Кастэль-Гандольфа  (ANSA)

Папа Леў XIV паабедае з 1300 беднымі ў Ватыкане

У Сусветны дзень бедных, 16 лістапада 2025 года, Леў XIV паабедае з 1300 патрабуючымі. Перад гэтым ён узначаліць Імшу ў межах Юбілейнай сустрэчы бедных.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мерапрыемства з’яўляецца часткай сустрэчы ў межах Святога года, на якую ў Рым прыбудуць каля 10 тысяч пілігрымаў з усяго свету. Гэта пераважна людзі, якія знаходзяцца ў цяжкіх жыццёвых абставінах, а таксама ўдзельнікі касцельных сацыяльных ініцыятыў.

Святая Імша з удзелам Пантыфіка распачнецца ў 10.00 у Базіліцы Святога Пятра, пасля чаго адбудзецца сумесны абед у ватыканскай Зале Паўла VI.

Папа Леў XIV працягвае традыцыю свайго папярэдніка. Папа Францішак, які ў 2017 годзе заснаваў Сусветны дзень бедных, таксама неаднаразова абедаў з патрабуючымі ў гэты дзень.

Мэтай ініцыятывы з’яўляецца заахвочванне Касцёла “выходзіць за свае абмежаванні”, каб сустрэцца з беднасцю ва ўсіх яе шматлікіх праявах у сучасным свеце. Гэта не першы такі жэст цяперашняга Пантыфіка: у сярэдзіне жніўня ён ужо абедаў з некалькімі дзясяткамі патрабуючых у Кастэль-Гандольфа.

Арганізацыяй нядзельнага абеду займаецца Дыкастэрыя па міласэрным служэнні. Пасля яго кожны госць атрымае ў падарунак заплечнік з прадметамі першай неабходнасці.
 

12 лістапада 2025, 09:46