Пошук

Падчас папскай аўдыенцыі для членаў Кансультатыўнай рады Акадэміі RCS Падчас папскай аўдыенцыі для членаў Кансультатыўнай рады Акадэміі RCS  (@Vatican Media)

Папа: новы гуманізм – выклік для свету камунікацыі і бізнесу

Леў XIV заахвоціў свет камунікацыі і бізнесу да адказнасці, сумленнасці і мужнасці ў служэнні чалавеку, праўдзе і агульнаму дабру ва ўмовах выклікаў лічбавай эпохі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустракаючыся 7 лістапада 2025 года з членамі Кансультатыўнай рады Акадэміі RCS – Вышэйшай школы падрыхтоўкі ў галінах журналістыкі, эканомікі, камунікацыі і прадпрымальніцтва, Папа скіраваў да іх слова заахвочвання ў працы над стварэннем новага гуманізму ў лічбавую эпоху.

Ён падкрэсліў важнасць дыскусіі на тэму адносін паміж этыкай і штучным інтэлектам, а таксама таго, як камунікацыя можа заставацца на службе людзей, а не ператварацца ў сістэму алгарытмаў, якія проста ўзнаўляюць чалавечыя развагі як даныя, без сумлення і свядомасці.

Адукацыя – ключ да новага гуманізму

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што адукацыя з'яўляецца фундаментальным элементам, які актывізуе і трансфармуе роўную годнасць усіх людзей, спрыяючы іх рэальнаму ўдзелу ў жыцці грамадства на мясцовым і глабальным узроўнях.

Менавіта таму, паводле яго слоў, адукацыя ў сферы лічбавых тэхналогій і крытычнага стаўлення да штучнага інтэлекту мае вырашальнае значэнне і не можа разглядацца асобна ад інтэгральнага развіцця асобы і супольнасцей. Гэта дапаможа пазбегнуць новых форм дэгуманізацыі і маніпуляцыі, дзе пад выглядам клопату можа хавацца эксплуатацыя, а хлусня выдавацца за праўду.

Агульнае фота з удзельнкамі аўдыенцыі
Агульнае фота з удзельнкамі аўдыенцыі   (@VATICAN MEDIA)

Папа акрэсліў падвойную задачу, якая стаіць перад работнікамі медыя: з аднаго боку, адказна інфармаваць, а з другога – даваць аўдыторыі магчымасць крытычна ацэньваць інфармацыю, адрозніваючы факты ад меркаванняў і праўдзівыя навіны ад фальшывых. У гэтым працэсе, як адзначыў ён, ключавую ролю адыгрываюць буйныя кампаніі, якія пакліканы быць не проста мецэнатамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі.

Не бізнес дзеля бізнесу, а служэнне справядлівасці

Леў XIV аспрэчыў папулярны выраз “Business is business!”, падкрэсліваючы, што сапраўдны гуманізм немагчымы без крытычнага мыслення і смеласці задаваць пытанні пра глыбінны сэнс уласных дзеянняў: “Куды мы ідзём? Для каго і для чаго мы працуем? Як мы робім свет лепшым?”. Такія развагі, на думку Папы, патрабуюць мужнасці і дальнабачнасці, бо “няма будучыні без справядлівасці”.

Ён звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што эканоміка камунікацыі не можа і не павінна аддзяляць свой лёс ад лёсу праўды. Празрыстасць крыніц і ўласнасці, падсправаздачнасць, якасць, яснасць і аб’ектыўнасць – гэта ключы, якія адкрываюць для ўсіх народаў сапраўднае права на грамадзянства.

Абяззброіць словы, каб будаваць будучыню

У сваёй прамове Пантыфік нагадаў словы Папы Францішка з яго паслання да дырэктара газеты “Corriere della Sera”, у якім той заклікаў “абяззброіць словы, каб абяззброіць розум і абяззброіць Зямлю”. Гэтыя словы з'яўляюцца заклікам да адказнасці і сумленнасці ў выкананні сваіх прафесійных абавязкаў дзеля супольнага будавання інфармацыі будучыні.

На заканчэнне Леў XIV падкрэсліў, што свету патрэбны сумленныя і мужныя прадпрымальнікі і работнікі сферы камунікацыі, якія клапоцяцца пра агульнае дабро.

Папа пажадаў сваім слухачам заўсёды ўсведамляць сваю ролю і глядзець далей за вузкі гарызонт імгненных выгод, якія насамрэч збядняюць будучыню, чэрпаючы натхненне з Евангелля Хрыста, якое заўсёды застаецца добрай навіной для свету.
 

07 лістапада 2025, 10:17