Пошук

Агульнае фота Папы з генеральнымі настаяцелямі мужчынскіх ордэнаў Агульнае фота Папы з генеральнымі настаяцелямі мужчынскіх ордэнаў   (@VATICAN MEDIA)

Леў XIV да настаяцеляў: не замяняйце адносіны экранамі

Леў XIV сустрэўся з генеральнымі настаяцелямі мужчынскіх ордэнаў і заклікаў ахоўваць малітву і братэрства ў свеце, дзе ўсё часцей пануе лічбавая логіка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У прамове да ўдзельнікаў 104‑й Асамблеі Аб’яднання вышэйшых настаяцеляў Папа нагадаў, што аснова кансэкраванага жыцця – не праекты і структуры, а асабістая сустрэча з Богам. Ён падкрэсліў, што малітва – гэта прастора, дзе сэрца адкрываецца на Божую сяброўскую блізкасць, якая лечыць, перамяняе і распальвае да місіі, асабліва ў кантэксце Юбілейнага года, прысвечанага надзеі.

Вярнуцца да таго, што сапраўды важна

Леў XIV папярэдзіў аб рызыцы, калі законнік пачынае адчуваць сябе кіраўніком шматлікай структуры, а не вучнем, які жыве з веры: тады вера гасне пад ціскам эфектыўнасці, страху і кампрамісаў. Святы Айцец заклікаў настаяцеляў дапамагаць супольнасцям вяртацца да “сэрца, палаючага Богам”, каб менавіта з малітвы нараджалася кожная душпастарская ініцыятыва і супольнае распазнанне.

Пераходзячы да тэмы братэрства, Папа назваў ордэны і кангрэгацыі “харызматычнымі целамі”, дзе ўсіх яднае адна чалавечнасць, адна вера і адна прыналежнасць да Хрыста. Ён нагадаў канцэпцыю Касцёла як “мы”, мацнейшага за суму індывідуалізмаў, і падкрэсліў духоўную вагу такіх інструментаў, як капітулы, рады, кананічныя візітацыі і фармацыйныя сустрэчы.

Лічбавы свет: дапамога, але не заменнік

Асобны блок прамовы Папа прысвяціў выкліку лічбавай культуры, якая можа быць як вялікай магчымасцю для місіі, так і пагрозай для жывых адносін. Ён адзначыў, што лічбавыя сродкі дазваляюць дасягаць тых, хто далёка ад супольнасцей, але становяцца праблемай, калі “віртуальная сувязь” замяняе рэальную прысутнасць, слуханне і падзел жыцця.

Леў XIV папрасіў настаяцеляў сачыць, каб тэхнічныя сродкі не разбуралі братэрства: важная школа камуніі – капітулы, рады, сустрэчы – не можа быць зведзена выключна да фармату “на адлегласці”.

На заканчэнне Пантыфік заклікаў з мудрасцю спалучаць “новае і старое”, не закапваючы новыя таленты, якія Бог давярае Касцёлу, і запэўніў законнікаў у сваёй малітве і благаслаўленні.
 

26 лістапада 2025, 11:50