Пантыфік: уваскрослы для ўсіх Езус паказаў нам шлях да братэрства

Вера ў смерць і ўваскрасенне Хрыста і жыццё пасхальнай духоўнасцю вучаць нас любіць і ўмацоўваць братэрства – адзін з найвялікшых выклікаў для сучаснага чалавецтва, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

12 лістапада 2025 года Пантыфік сустрэўся з вернікамі на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, заахвоціўшы іх паразважаць над уваскрасеннем Хрыста, як крыніцай братэрства і надзеі для чалавецтва.

Братэрства – патрэба чалавека

Леў XIV падкрэсліў, што братэрства глыбока ўпісана ў чалавечую прыроду, бо “без адносін, якія падтрымліваюць і ўзбагачаюць нас ад самага пачатку жыцця, мы не змаглі б выжыць, расці, вучыцца”.

“Наша чалавечнасць найбольш поўна раскрываецца тады, калі мы існуем і жывём разам, калі здольныя перажываць сапраўдныя, нефармальныя сувязі з тымі, хто побач. Калі ж мы замыкаемся ў сабе, рызыкуем захварэць на адзіноту, а таксама на самалюбаванне, клапоцячыся пра іншых толькі з асабістага інтарэсу. Тады мы зводзім іншага чалавека да таго, з каго можна нешта ўзяць, не будучы па-сапраўднаму гатовымі аддаваць, ахвяроўваць сабой”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Езус вызваляе ад атруты варожасці

Пантыфік заўважыў, што многія канфлікты, войны, сацыяльная напружанасць і пачуцці нянавісці, здаецца, сведчаць пра адваротнае ўсеагульнаму братэрству паміж людзьмі, аднак яно не з’яўляецца толькі прыгожай, але недасяжнай мара. Каб пераадолець пагрозы для братэрства, трэба вярнуцца да вытокаў, а ў першую чаргу чэрпаць святло і сілу ад Таго, хто “адзіны можа вызваліць нас ад атруты варожасці”.

Усе – браты і аднолькава патрабуюць збаўлення

Леў XIV падкрэсліў, што сёння, як ніколі раней, актуальным з’яўляецца прыклад святога Францішка Асізскага, які называў братамі ўсіх, незалежна ад іх геаграфічнага і культурнага паходжання, рэлігійных ці дактрынальных адметнасцей. Ён адзначыў, што такім чынам святы ставіў людзей на адзін узровень, ведаючы, што ўсе яны аднолькава патрабуюць павагі да сваёй годнасці, дыялогу, прыняцця і збаўлення.

Божая любоў для ўсіх

Па словах Папы, адкрытасць Асізскага Бедняка выяўляе істотную рысу хрысціянства, якое ад самага пачатку было абвяшчэннем Добрай Навіны пра Божую любоў, прызначаную ўсім, без выключэння. І гэтую любоў хрысціяне пакліканы пераймаць. Божы Сын “палюбіў нас і аддаў сябе за нас, і мы можам любіць адно аднаго і аддаваць жыццё за іншых як дзеці аднаго Айца і сапраўдныя браты ў Езусе Хрысце”, - сцвердзіў Пантыфік.

Пасха – пачатак новай гісторыі братэрства

Леў XIV падкрэсліў, што ўваскрасенне Езуса стала пачаткам новай гісторыі, пазначанай братэрствам, бо вучні сталі сапраўднымі братамі – пасля доўгага жыцця разам – не толькі тады, калі перажывалі боль смерці Езуса, але найперш – калі пазналі Яго як Уваскрослага, атрымалі дар Святога Духа і сталі Яго сведкамі.

“Браты і сёстры падтрымліваюць адно аднаго ў выпрабаваннях, не адварочваюцца ад тых, хто ў патрэбе: яны плачуць і радуюцца разам, дзейсна шукаючы адзінства, даверу, узаемнага прыняцця. Гэту дынаміку перадаў нам сам Езус: “Любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас”. Братэрства, якое даруе нам Хрыстус, памерлы і ўваскрослы, вызваляе нас ад логікі эгаізму, падзелаў і гвалту і вяртае да нашага першапачатковага паклікання, у імя любові і надзеі, якія штодзённа абнаўляюцца. Уваскрослы паказаў нам шлях, якім трэба ісці разам з Ім, каб мы ўсе адчувалі сябе братамі і сапраўды імі былі”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
 

12 лістапада 2025, 10:33

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >