Пошук

Папа: разам абвяшчаць Хрыста ў Еўропе, дзе чутна рэха вайны

На важнасць супольнага пошуку спосабаў спрыяння дыялогу і абвяшчэння Хрыста ў Еўропе, звярнуў увагу Папа 6 лістапада 2025 года, прымаючы ў Ватыкане падпісантаў абноўленай Экуменічнай хартыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

На аўдыенцыі прысутнічалі арцыбіскуп Вільнюскі Гінтарас Грушас, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE), і праваслаўны архіепіскап Тыятыры і Вялікабрытаніі Нікітас (Луліяс), старшыня Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (КЕК). Іерархі ўручылі Льву XIV дакумент, падпісаны днём раней у абацтве Тры Фантаны ў Рыме, што знаходзіцца на месцы мучаніцкай гібелі апостала Паўла.

Святы Айцец заўважыў, што выклікі, з якімі хрысціяне сутыкаюцца на экуменічным шляху, пастаянна змяняюцца. Таму праз 25 гадоў пасля падпісання першай Хартыі ўзнікла патрэба пераглядзець гэты дакумент, па-новаму зірнуць на сітуацыю ў Еўропе і на сучасныя праблемы, звязаныя з місіяй абвяшчэння Евангелля.

Папа адзначыў, што хоць у некаторых частках Еўропы сапраўды ёсць станоўчыя і абнадзейлівыя знакі развіцця, у той жа час многія хрысціянскія супольнасці ўсё больш адчуваюць сябе ў меншасці. Ён падкрэсліў, што з’явілася шмат новых галасоў, якія трэба пачуць, уключаючы новыя пакаленні і народы, што прыбылі ў Еўропу са сваёй гісторыяй і культурай. “Асабліва востра стаіць патрэба спрыяць дыялогу, згодзе і братэрству сярод шуму гвалту і вайны, водгукі якіх чутны па ўсім кантыненце”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што ва ўсіх гэтых сітуацыях жыццёва патрэбныя ласка, міласэрнасць і спакой Пана, бо толькі Божы Провід “можа паказаць нам найбольш пераканаўчы шлях абвяшчэння Хрыста ў гэтых складаных і зменлівых рэаліях”.

Пантыфік запэўніў, што Бог працягвае прамаўляць да свайго народу, любіць яго і ўзбагачае дарамі. “З дапамогай Святога Духа мы будзем здольныя зразумець, дзе дасягнулі поспеху, дзе пацярпелі няўдачу і куды павінны рухацца, каб нанова абвяшчаць Евангелле”, - дадаў ён.

Папа падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл разумее свой сінадальны шлях як экуменічны, а экуменізм – як неад’емную частку сінадальнага шляху. Ён адзначыў, што Экуменічная хартыя сведчыць пра “агульны шлях, якім ідуць хрысціяне розных традыцый у Еўропе, здольныя слухаць адзін аднаго і разам разважаць над тым, як больш плённа абвяшчаць Евангелле”.

Святы Айцец таксама згадаў пра сваю будучую паездку на месца правядзення Нікейскага Сабора і запланаваную там малітву з прадстаяцелямі Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў. Ён падкрэсліў, што Касцёл хоча выкарыстаць Юбілейны год як нагоду ісці разам з іншымі хрысціянамі і абвяшчаць, што “Езус Хрыстус – наша надзея”, бо “Ён і ёсць той шлях, якім мы павінны ісці, і канчатковая мэта нашага духоўнага падарожжа”.
 

06 лістапада 2025, 12:11