Святы Айцец наведаў новы медпункт для бедных у Ватыкане
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Медпункт размясціўся пад каланадай Плошчы Святога Пятра, побач з ужо існуючай амбулаторыяй “Маці Міласэрнасці”, заснаванай каля дзесяці гадоў таму. Леў XIV наведаў яго каля апоўдня 14 лістапада 2025 года, вяртаючыся ў Ватыкан з Латэранскага ўніверсітэту, дзе ўдзельнічаў у адкрыцці новага акадэмічнага года.
Новая дабрачынная структура, названая ў гонар святога Марціна Турскага, аснашчаная двума сучаснымі медыцынскімі кабінетамі з перадавым абсталяваннем, у тым ліку рэнтгенаўскім апаратам, які дазволіць дыягнаставаць многія цяжкія і небяспечныя хваробы, што часта ігнаруюцца людзьмі, якія жывуць у беднасці.
Падчас візіту, які працягваўся каля дваццаці хвілін, Святы Айцец агледзеў памяшканні медпункта і прывітаў яго персанал, для якога прыезд важнага госця стаў поўнай нечаканасцю. На той момант у структуры знаходзіліся восем урачоў, чатыры медсястры і два валанцёры, якія ў першай палове дня ўжо паспелі прыняць 65 чалавек. Леў XIV падзякаваў ім за служэнне і ўдзяліў сваё благаслаўленне.
“Папа быў уражаны тым, што сярод прысутных медыкаў былі і псіхіятры”, - расказаў “Vatican News” кардынал Конрад Краеўскі, які суправаджаў Пантыфіка. Ён падкрэсліў, што такі від дапамогі таксама вельмі важны для бедных, але ў большасці выпадкаў застаецца для іх недаступным.
Паводле Апостальскага элемазінарыя, Святы Айцец быў моцна ўражаны, калі даведаўся пра колькасць людзей, што атрымліваюць дапамогу ў ватыканскім медыцынскім цэнтры пад каланадай Берніні: прыкладна дзве тысячы чалавек у месяц, якія маюць магчымасць таксама атрымаць у Ватыкане лекі. “Мы выпісваем ім рэцэпт, яны ўваходзяць у Ватыкан, дзе іх сустракаюць Швейцарская гвардыя і жандары, ідуць у ватыканскую аптэку, кладуць рэцэпт на прылавак і атрымліваюць лекі бясплатна”, - адзначыў кардынал Краеўскі.
