Пошук

Беззаганнае Зачацце: Леў XIV памаліўся на Іспанскай плошчы ў Рыме

8 снежня 2025 года, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Папа здзейсніў пілігрымку да скульптуры Маці Божай на Іспанскай плошчы ў Рыме, дзе правёў багародзічную малітву.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У другой палове дня 8 снежня 2025 года Святы Айцец прыбыў на Іспанскую плошчу, дзе яго сустрэлі кардынал Бальтасарэ Рэйна, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, і мэр горада Раберта Гуальцьеры. Пантыфік усклаў кветкі ля калоны з фігурай Багародзіцы і памаліўся. “Вітай, Марыя! Радуйся, поўная ласкі, той ласкі, якая, як пяшчотнае святло, робіць зіхатлівымі тых, на кім адбіваецца Божая прысутнасць”, - распачаў Папа малітву.

Ён падзякаваў Беззаганнай Марыі, Маці вернага люду, за тое, што Яе “празрыстасць асвятляе Рым вечным святлом, Яе шлях напаўняе вуліцы водарам, мацнейшым за кветкі, якія Ёй сёння ахвяруюць”. “Многія пілігрымы з усяго свету, о Беззаганная, прайшлі вуліцамі гэтага горада на працягу гісторыі і ў гэты Юбілейны год. Выпрабаванае чалавецтва, часам раздушанае, як зямля, з якой Бог яго стварыў, і ў якое не перастае ўдыхаць свой жыццёвы Дух”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы Панну Марыю звярнуць позірк “на сыноў і дачок, у якіх не згасла надзея”. “Няхай прарастуць у іх парасткі таго, што пасеяў Твой Сын”, “няхай расквітнее радасная надзея ў Рыме і ва ўсіх кутках Зямлі, надзея на новы свет, які рыхтуе Бог”, “пасля Святых брам, няхай адчыняцца цяпер іншыя дзверы дамоў і аазісаў супакою, у якіх ізноў расквітнее годнасць, дзе будуць вучыць ненасіллю, дзе навучацца мастацтву прымірэння”, - маліўся Папа.

Малітва на Іспанскай плошчы
Малітва на Іспанскай плошчы

“Няхай прыйдзе Валадарства Божае, навізна, на якую Ты так спадзявалася і якой цалкам аддала сябе, як дзіця, як маладая жанчына і як Маці Касцёла, які нараджаўся. Натхні на новае разуменне рымскі і мясцовыя Касцёлы, якія паўсюль збіраюць радасці і надзеі, смутак і трывогі нашых сучаснікаў, асабліва бедных, і ўсіх, хто пакутуе”, - прасіў Леў XIV.

“Няхай Хрост зноў нараджае святых і беззаганных мужчын і жанчын, пакліканых стаць жывымі членамі Цела Хрыста, Цела, якое дзейнічае, суцяшае, прымірае і перамяняе зямны горад, у якім рыхтуецца Горад Божы. Заступіся за нас, што сутыкнуліся са зменамі, якія, здаецца, засталі нас непадрыхтаванымі і бездапаможнымі. Натхні марамі, бачаннем і мужнасцю, Ты, якая ведаеш лепш за ўсіх, што для Бога няма нічога немагчымага, і разам з тым, што Бог нічога не робіць адзін”, - маліўся Папа.

“Пакліч нас у дарогу, з той паспешнасцю, з якой аднойчы рушыла да стрыечнай сястры Альжбеты, і з тым трапятаннем, з якім Ты адправілася ў выгнанне і ў пілігрымку, каб стаць благаслаўлёнай сярод усіх жанчын, першай вучаніцай свайго Сына, Маці Божай сярод нас”, - дадаў Пантыфік.

“Дапамажы нам заўсёды быць Касцёлам з людзьмі і сярод людзей, закваскай у цесце чалавецтва, якое заклікае да справядлівасці і надзеі. Беззаганная, жанчына бясконцай прыгажосці, беражы гэты горад, гэтае чалавецтва. Пакажы яму Езуса, прывядзі яго да Езуса, прадстаў яго Езусу”, - завяршыў малітву Святы Айцец.

Візіт Льва XIV на Іспанскую плошчу
Візіт Льва XIV на Іспанскую плошчу   (AFP or licensor)
08 снежня 2025, 17:24