Пошук

Леў XIV на Юбілей Зняволеных: Бог хоча, каб ніхто не быў страчаны

Кожны чалавек павінен мець магчымасць падняцца пасля падзення, - падкрэсліў Леў XIV на завяршэнне Юбілею Зняволеных. Ён заклікаў абвясціць амністыю ці скарачэнне тэрміну пакарання для асуджаных, а таксама спрыяць іх рэінтэграцыі ў грамадства.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

14 снежня 2025 года, у Трэцюю нядзелю Адвэнту, асаблівым чынам прасякнутую духам чакання, радасці і надзеі, Папа Леў XIV узначаліў у Ватыкане эўхарыстычную цэлебрацыю з нагоды завяршэння Юбілею Зняволеных – апошняй буйной сустрэчы Святога года.

У ёй бралі ўдзел каля шасці тысяч чалавек з 90 краін свету: асуджаныя і члены іх сем’яў, турэмныя капеланы, кіраўнікі і работнікі пэнітэнцыярных устаноў.

Чалавек – не тое, што ён учыніў

Святы Айцец заўважыў, што, нягледзячы на высілкі многіх людзей, яшчэ трэба шмат зрабіць для паляпшэння сітуацыі ў турмах. “Турма – гэта складанае асяроддзе, і нават найлепшыя намеры там могуць сутыкацца з шматлікімі перашкодамі. Менавіта таму, аднак, нельга стамляцца, апускаць рукі і адступаць, але трэба працягваць дзейнічаць з настойлівасцю, адвагай і ў духу супрацоўніцтва. Яшчэ многія не разумеюць, што павінна быць магчымасць падняцца пасля кожнага падзення, што ніводзін чалавек не раўны таму, што ён учыніў, і што справядлівасць – гэта заўсёды працэс выпраўлення і прымірэння”, - сцвердзіў Папа.

Праца над сабой, патрэбная ўсім

Леў XIV падкрэсліў, што калі ў складаных умовах захоўваецца прыгажосць пачуццяў, адчувальнасць, увага да патрэб іншых, павага, здольнасць быць міласэрнымі і прабачаць, тады праз цвёрдую глебу пакут і граху прарастаюць цудоўныя кветкі, і нават за турэмнымі мурамі выспяваюць жэсты, задумы і сустрэчы, унікальныя ў сваёй чалавечнасці.

“Гаворка ідзе пра працу над уласнымі пачуццямі і думкамі, якая неабходная людзям, пазбаўленым свабоды, а ў першую чаргу – тым, хто мае абавязак прадстаўляць перад імі і для іх правасуддзе. Юбілей – гэта заклік да навяртання, і менавіта таму ён з’яўляецца прычынай надзеі і радасці”, - сказаў Пантыфік.

Цуды, давераныя нам

“Па гэтай прычыне важна ўглядацца ў Езуса – у Яго чалавечнасць, Яго Валадарства, дзе “сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, […] убогім абвяшчаецца Добрая Навіна”, памятаючы, што хоць часам такія цуды адбываюцца дзякуючы ўмяшанню Бога, часцей яны давераны нам, нашай спагадзе, увазе, мудрасці і адказнасці нашых грамадстваў і ўстаноў”, - падкрэсліў Святы Айцец, заклікаўшы будаваць у кожным асяроддзі – асабліва ў турмах – цывілізацыю, заснаваную на новых крытэрыях, у першую чаргу на любові.

Даць магчымасць пачаць спачатку

Леў XIV нагадаў пра заклік Францішка абвясціць у Святы год амністыю ці скарачэнне тэрміну пакарання зняволеным, каб дапамагчы ім вярнуць веру ў сябе і ў грамадства і даць усім рэальную магчымасць рэінтэгравацца.

“Я спадзяюся, што ў многіх краінах будзе рэалізавана яго жаданне. Як мы ведаем, Юбілей, у яго біблійных вытоках, быў менавіта годам ласкі, калі кожнаму, мноствам спосабаў, давалася магчымасць пачаць з пачатку”, - дадаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што заклік да навяртання і прымірэння з Богам і братамі скіроўваў святы Ян Хрысціцель – моцны і мужны прарок, але ў той жа час багаты міласэрнасцю і разуменнем у адносінах да тых, хто шчыра каяўся і прыкладаў намаганні, каб змяніцца.

Каб ніхто не быў страчаны! Каб усе былі збаўлены!

“Дарагія, заданне, якое вам даручыў Пан – усім, як зняволеным, так і адказным за турмы, – нялёгкае. Праблем, якія патрабуюць вырашэння, шмат. Падумаем пра перапоўненасць турмаў, пра яшчэ недастатковыя намаганні па гарантаванні стабільных праграм рэінтэграцыі і працаўладкавання. І не забывайма, на больш асабістым узроўні, пра цяжар мінулага, пра раны на целе і сэрцы, якія трэба залячыць, пра расчараванні, пра бязмежную цярплівасць, якая патрабуецца ў адносінах да сябе і да іншых, калі паўстаем на шлях навяртання, пра спакусы здацца і больш не прабачаць. Пан, аднак, па-за ўсім гэтым, працягвае паўтараць нам, што важна толькі адно – каб “ніхто не быў страчаны” (пар. Ян 6,39) і каб “ўсе былі збаўлены” (1 Цім 2,4).

Каб ніхто не быў страчаны! Каб усе былі збаўлены! Гэтага хоча Бог, гэта Яго Валадарства, гэта мэта Яго дзеяння ў свеце. У той час як набліжаецца Божае Нараджэнне, мы таксама хочам прыняць з яшчэ большай сілай Яго мару, будучы пастаяннымі ў нашых намаганнях і поўнымі даверу. Бо ведаем, што нават перад абліччам самых вялікіх выклікаў мы не самотныя: Пан – блізка, Ён ідзе разам з намі, а калі Ён побач – заўсёды здараецца нешта прыгожае і радаснае”, - падкрэсліў на заканчэнне гаміліі Папа.
 

14 снежня 2025, 12:24