Пошук

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў канферэнцыі “Штучны інтэлект і клопат пра наш агульны дом” Аўдыенцыя для ўдзельнікаў канферэнцыі “Штучны інтэлект і клопат пра наш агульны дом”  (@VATICAN MEDIA)

Папа: чалавек – удзельнік справы стварэння, а не спажывец кантэнту ШІ

“Чалавек пакліканы быць супрацоўнікам у справе стварэння, а не проста пасіўным спажыўцом кантэнту, створанага штучнай тэхналогіяй”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

5 снежня 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў канферэнцыі “Штучны інтэлект і клопат пра наш супольны дом”, арганізаванай фондам “Centesimus Annus Pro Pontifice” і Стратэгічным альянсам каталіцкіх даследчых універсітэтаў (SACRU).

Папа нагадаў пра ўплыў штучнага інтэлекту на крытычнае мысленне чалавека, яго здольнасць быць праніклівым, а таксама на навучанне і сферу міжасобасных адносін. Ён падкрэсліў, што перад абліччам гэтага выкліку чалавецтва паклікана паставіць штучны інтэлект на службу агульнаму дабру, а не канцэнтрацыі багацця і ўлады ў руках нямногіх. Для гэтага, паводле слоў Святога Айца, трэба адказаць на важнае пытанне: што значыць быць чалавекам у нашу эпоху?

Паважаць тое, што характарызуе чалавека

“Чалавек пакліканы быць супрацоўнікам у справе стварэння, а не проста пасіўным спажыўцом кантэнту, створанага штучнай тэхналогіяй. Наша годнасць заключаецца ў здольнасці разважаць, свабодна выбіраць, бескарысліва любіць, уваходзіць у сапраўдныя адносіны з іншым. Несумненна, штучны інтэлект адкрыў новыя гарызонты для творчасці, але ён уздымае таксама і трывожныя пытанні адносна яго ўплыву на адкрытасць чалавецтва на праўду і прыгажосць, на нашу здольнасць захапляцца і сузіраць. Прызнаваць і паважаць тое, што характарызуе чалавека і гарантуе яго гарманічнае развіццё – вельмі важна для стварэння належных рамак для кіравання выкарыстаннем штучнага інтэлекту”, - сказаў Леў XIV.

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў канферэнцыі “Штучны інтэлект і клопат пра наш агульны дом”
Аўдыенцыя для ўдзельнікаў канферэнцыі “Штучны інтэлект і клопат пра наш агульны дом”   (@VATICAN MEDIA)

Навучыць моладзь адказна карыстацца новымі тэхналогіямі

Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на ўплыў штучнага інтэлекту на свабоду і духоўнасць дзяцей і моладзі, на іх інтэлектуальнае і неўралагічнае развіццё. “Новыя пакаленні патрабуюць дапамогі, а не перашкод на іх шляху да сталасці і адказнасці. Дабрабыт грамадства залежыць ад таго, ці будзе ім дадзена магчымасць развіваць свае таленты і адказваць на патрабаванні часу і патрэбы іншых у духу свабоды і шчодрасці. Магчымасць доступу да велізарных аб’ёмаў даных і ведаў не трэба блытаць са здольнасцю разумець іх значэнне і каштоўнасць. Гэта патрабуе таксама гатоўнасці сутыкнуцца з таямніцай і галоўнымі пытаннямі нашага існавання, рэальнасцю, якая часта застаецца без увагі і нават высмейваецца мадэлямі культуры і развіцця, што пераважаюць. Таму вельмі важна дазволіць маладым людзям навучыцца выкарыстоўваць гэтыя прылады, абапіраючыся на іх уласны розум, адкрыты на пошук праўды, духоўнае і братэрскае жыццё, пашыраючы свае мары і гарызонт сталых рашэнняў. Давайце падтрымаем іх жаданне быць іншымі і лепшымі, бо ніколі яшчэ не было так ясна, што сёння трэба радыкальна змяніць наша ўяўленне пра развіццё”, - сказаў Папа.

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў канферэнцыі “Штучны інтэлект і клопат пра наш агульны дом”
Аўдыенцыя для ўдзельнікаў канферэнцыі “Штучны інтэлект і клопат пра наш агульны дом”   (@VATICAN MEDIA)

Аднавіць давер да здольнасці чалавека кантраляваць развіццё тэхналогій

Па словах Пантыфіка, каб будаваць разам з моладдзю будучыню, у якой штучны інтэлект будзе служыць агульнаму дабру, трэба аднавіць сярод новых пакаленняў давер да здольнасці чалавека вызначаць эвалюцыю гэтых тэхналогій – давер, які сёння ўсё больш падрываецца паралізуючай ідэяй, нібы іх развіццё ідзе немінучым шляхам. Святы Айцец заклікаў прадстаўнікоў усіх сфер грамадства да супрацоўніцтва, ставячы гэтыя намаганні вышэй за пошук прыбытку і прыватныя інтарэсы. “Толькі праз шырокі ўдзел – даючы ўсім галасам, нават самым слабым, магчымасць быць пачутымі – можна будзе дасягнуць гэтых амбіцыйных мэт”, – запэўніў Леў XIV.
 

05 снежня 2025, 10:59