Украінскія дзеці і палонныя ў цэнтры размовы Папы з Зяленскім
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Раніцай 9 снежня 2025 года ў папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа адбылася знакавая сустрэча. Святы Айцец правёў аўдыенцыю для Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Гэтая падзея стала чарговым сведчаннем пільнай увагі Апостальскай Сталіцы да трагічных падзей ва Усходняй Еўропе.
Падчас размовы, якую Зала Друку Святога Пасада характарызуе як сардэчную, суразмоўцы засяродзіліся на тэме вайны ва Украіне. Пантыфік выкарыстаў гэтую магчымасць, каб зноў падкрэсліць выключную важнасць дыялогу ў вырашэнні канфлікту.
Леў XIV выказаў настойлівае спадзяванне на тое, што актуальныя дыпламатычныя ініцыятывы не застануцца безвыніковымі. Паводле слоў Папы, менавіта яны павінны прывесці да ўсталявання сапраўды справядлівага і трывалага міру, якога так чакае пацярпелы народ.
Важным аспектам сустрэчы стала абмеркаванне балючых гуманітарных праблем. Бакі закранулі пытанне ваеннапалонных, а таксама вострую неабходнасць забеспячэння вяртання ўкраінскіх дзяцей у іх сем’і, што з’яўляецца адным з прыярытэтаў ватыканскай дыпламатыі ў гэтым канфлікце.
