Пошук

Папа падчас імправізанавай прэс-канферэнцыі ў Кастэль-Гандольфа Папа падчас імправізанавай прэс-канферэнцыі ў Кастэль-Гандольфа 

Папа пра сустрэчу з Зяленскім і будучыню еўрапейскай бяспекі

Пантыфік адказаў на пытанні журналістаў у Кастэль-Гандольфа пасля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім. Гаворка ішла пра вяртанне дзяцей, ролю ЗША і малітву ў Стамбуле.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Звычайны аўторак 9 снежня 2025 года ў Кастэль-Гандольфа завяршыўся для Папы размовай з прэсай. Выходзячы з Вілы Барберыні, Леў XIV спыніўся, каб паразмаўляць з групай рэпарцёраў, якія чакалі яго пасля заканчэння дня, прысвечанага адпачынку і працы.

Атмасфера была нязмушанай, людзі на вуліцы віталі Пантыфіка спевамі, аднак тэмы, закранутыя падчас імправізаванай прэс-канферэнцыі, тычыліся самых вострых праблем сусветнай палітыкі. Цэнтральным пунктам размовы стала ранішняя аўдыенцыя для прэзідэнтам Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Па словах Святога Айца, галоўнай тэмай сустрэчы стаў пошук шляхоў да спынення агню і дасягнення пагаднення. Аднак найбольш балючым пытаннем застаецца лёс людзей. Як патлумачыў Папа, бакі дэталёва абмеркавалі сітуацыю з палоннымі і, у прыватнасці, з вывезенымі дзецьмі. Касцёл шукае спосабы паспрыяць іх вяртанню на Радзіму.

Нябачная праца дыпламатыі і рэалізм у чаканнях

Леў XIV шчыра прызнаў, што працэс вяртання ўкраінскіх дзяцей прасоўваецца "на жаль, вельмі павольна". Гэта тонкая дзейнасць, якая патрабуе цішыні і "вядзецца за кулісамі". Пантыфік падкрэсліў, што аддае перавагу таму, каб не каментаваць дэталі публічна, а працягваць настойлівую працу дзеля ўз'яднання сем'яў.

Асобна прагучала тэма магчымых мірных перамоў. Папа чарговы раз пацвердзіў гатоўнасць Святога Пасада прапанаваць прастору і магчымасці для дыялогу. Хоць да гэтага часу прапанова не была прынята, Ватыкан застаецца адкрытым для пошуку рашэнняў, якія прывядуць да справядлівага і трывалага міру.

Каментуючы запрашэнне наведаць Кіеў, якое прэзідэнт Украіны назваў "моцным сігналам падтрымкі", Леў XIV адказаў з асцярожным аптымізмам: "Спадзяюся, што так, не ведаю калі. Трэба быць рэалістамі ў гэтых рэчах, магчыма, гэта ўдасца зрабіць".

Вялікую ўвагу журналісты надалі і ролі геапалітычных гульцоў. Пантыфік прызнаўся, што яшчэ не паспеў цалкам азнаёміцца з мірным планам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, але выказаў занепакоенасць некаторымі яго аспектамі.

На думку Папы, пэўныя прапановы пагражаюць кардынальна змяніць шматгадовы саюз паміж Еўропай і ЗША. Ён перасцярог ад спроб дэмантажу гэтага альянсу, які лічыць жыццёва важным як сёння, так і ў будучыні.

Еўрапейскае адзінства як ключ да бяспекі

Тэма еўрапейскай суб'ектнасці стала адной з ключавых у разважаннях Папы. Ён перакананы, што выключэнне Еўропы з мірных перамоў – гэта нерэалістычны сцэнарый. Паколькі вайна ідзе на еўрапейскім кантыненце, менавіта Еўропа павінна быць часткай сістэмы гарантый бяспекі. Леў XIV выказаў шкадаванне, што не ўсе разумеюць гэта, але падкрэсліў вялікі патэнцыял у ідэі аб'яднання еўрапейскіх краін для пошуку сумесных рашэнняў.

Акрамя палітыкі, размова закранула і духоўныя аспекты нядаўняга падарожжа. Журналістаў цікавілі падрабязнасці візіту ў Блакітную мячэць у Стамбуле, у прыватнасці тое, чаму Папа не маліўся “бачна", як яго папярэднікі.

Леў XIV з уласцівай яму прастатой заўважыў, што малітва – гэта ўнутраны стан. Ён нагадаў пра кнігу "Практыка прысутнасці Бога" брата Лаўрэнція, якую згадваў раней, і адзначыў, што знаходзіўся ў мячэці ў духу засяроджанасці і павагі, хаця аддае перавагу малітве ў каталіцкім касцёле перад Найсвяцейшым Сакрамантам.

На заканчэнне сустрэчы прагучала асабістае пытанне пра пераезд у Апостальскі палац. Папа па-ранейшаму жыве ў будынку Сант-Уфіцыа. "Яшчэ няма даты, мне добра там, дзе я жыву", - лаканічна рэзюмаваў Леў XIV.

Відэа-версія прэс-канферэнцыі ў Кастэль-Гандольфа
10 снежня 2025, 09:07