Леў XIV накіраваў дапамогу краінам, пацярпелым ад паводак
Марыя Валодзіна - Vatican News
У канцы лістапада праліўныя мусонныя дажджы, узмоцненыя трапічнымі цыклонамі, прывялі ў гэтым рэгіёне да паводак, апоўзняў і размывання грунту. Паводле папярэдніх звестак, трагедыя забрала амаль 1800 жыццяў, больш за тысячу чалавек лічацца зніклымі без вестак. Многія вёскі застаюцца адрэзанымі ад астатняга свету: паводкі знішчылі масты і дарогі, што значна ўскладняе аказанне дапамогі пацярпелым.
Даведаўшыся пра надзвычайную сітуацыю, Леў XIV накіраваў гуманітарную дапамогу краінам, якія найбольш пацярпелі ад стыхіі, такім як Шры-Ланка, Інданезія, В’етнам і Тайланд.
У нядзелю, 7 снежня 2025 года, падчас малітвы “Анёл Панскі” Папа выказаў сваю блізкасць да насельніцтва рэгіёнаў, пацярпелых ад стыхійных бедстваў. Ён запэўніў у сваёй малітве за ахвяр і іх сем’і, а таксама заклікаў міжнародную супольнасць да канкрэтных жэстаў салідарнасці і падтрымкі тых, хто перажывае цяжкія наступствы прыроднай катастрофы.
