Святы Айцец наведае школу ў Кастэль-Гандольфа
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што падчас візіту ў Папскую школу Паўла VI у Кастэль-Гандольфа Леў XIV паслухае калядны канцэрт, падрыхтаваны навучэнцамі гэтай установы.
Дар Паўла VI для Кастэль-Гандольфа
Папская школа імя Паўла VI ў Кастэль-Гандольфа знаходзіцца недалёка ад Апостальскага палацу і Вілы Барберыні, у якой звычайна адпачывае Леў XIV. Навучальная ўстанова была пабудавана па ініцыятыве Паўла VI як дар і выраз любові Касцёла да насельніцтва гэтага невялікага мястэчка, на тэрыторыі якога размяшчаецца летняя рэзідэнцыя Пантыфікаў. Павел VI асабіста прымаў удзел у адкрыцці школы, якое адбылося 12 верасня 1968 года. У сваёй інаўгурацыйнай прамове ён падкрэсліваў важнасць каталіцкай адукацыі для новых пакаленняў. У школе навучаюцца каля 300 дзяцей. Адукацыйная праграма грунтуецца на каталіцкіх прынцыпах. З 2021 года ў капліцы навучальнай установы захоўваюцца рэліквіі яе заснавальніка – святога Паўла VI.
