Пошук

Папа: веліч грамадства вымяраецца любоўю да слабых

Падчас візіту ў псіхіятрычны шпіталь у Малаба Папа Леў XIV нагадаў, што сапраўдная цывілізацыя будуецца праз клопат аб найбольш уразлівых, якіх Бог прымае і ацаляе з любоўю.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

У рамках свайго апостальскага падарожжа па Афрыцы Святы Айцец наведаў 21 красавіка 2026 года псіхіятрычны шпіталь "Jean-Pierre Olie" ў сталіцы Экватарыяльнай Гвінеі.

Сустрэча, напоўненая нацыянальнымі спевамі і танцамі, стала глыбокім момантам сведчання аб неад’емнай чалавечай годнасці. Пантыфік прызнаўся, што кожнае наведванне бальніцы выклікае ў яго дваістае пачуццё: глыбокі боль за пакуты пацыентаў і адначасова шчырае захапленне тым штодзённым служэннем жыццю, якое здзяйсняюць медыкі.

Цывілізацыя любові пачынаецца з прызнання годнасці кожнага чалавека

Звяртаючыся да прысутных, Леў XIV адзначыў, што сапраўдная веліч народа вымяраецца не эканамічнымі паказчыкамі, а стаўленнем да самых слабых. Ён асабліва падкрэсліў ролю хрысціянства ў пераасэнсаванні пакут: менавіта Хрыстус вярнуў людзям з абмежаванымі магчымасцямі іх поўную годнасць, вызваліўшы іх ад ценю старажытных праклёнаў.

Папа заклікаў вернікаў да канкрэтных учынкаў, якія ператвараюць медыцынскія ўстановы ў жывыя асяродкі "цывілізацыі любові".

Асабліва кранальным момантам стала рэакцыя Святога Айца на словы пацыента Педра Чэлесціна, які падзякаваў за тое, што іх любяць "такімі, якія яны ёсць". Пантыфік пагадзіўся з гэтай думкай, але дадаў важную заўвагу: Бог прымае нас у любым стане, аднак Яго любоў заўсёды скіравана на вылячэнне.

Паводле слоў Папы, касцельны шпіталь павінен заставацца месцам, дзе чалавека паважаюць у яго абмежаваннях, прапаноўваючы цэласную дапамогу, у якой духоўны аспект з’яўляецца неад’емнай часткай тэрапіі.

Хрысціянскі шпіталь – гэта месца, дзе духоўнасць і медыцына сустракаюцца для аздараўлення асобы

Завяршаючы сустрэчу, Леў XIV звярнуў увагу на "схаваную паэзію" штодзённасці – тыя дробныя жэсты ўвагі і пяшчоты, што існуюць паміж хворымі і персаналам. Гэтыя нябачныя свету "вершы", на думку Пантыфіка, суцяшаюць Сэрца Хрыста больш за любыя словы.

Пасля благаслаўлення Святы Айцец азнаёміўся з выставай мастацкіх работ пацыентаў, што стала яскравым сведчаннем іх творчай сілы.

Сёння Льва XIV чакае яшчэ адна сустрэча. У Доме арцыбіскупа ў яго адбудзецца прыватны дыялог з біскупамі Экватарыяльнай Гвінеі.
 

21 красавіка 2026, 19:44