Пошук

Павел III Нона – новы Патрыярх Халдэйскай Каталіцкай Царквы Павел III Нона – новы Патрыярх Халдэйскай Каталіцкай Царквы 

Леў XIV зацвердзіў выбар халдэйскага каталіцкага Патрыярха

Папа пацвердзіў касцёльную супольнасць з новым Патрыярхам Халдэйскай Каталіцкай Царквы. Ім стаў Павел ІІІ Нона, кананічна абраны 12 красавіка 2026 года Сінодам біскупаў гэтай Царквы, які прайшоў у Рыме.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Пасля абрання Павел ІІІ Нона звярнуўся да Льва XIV з просьбай аб наданні яму касцёльнай супольнасці ў адпаведнасці з Кодэксам Канонаў Усходніх Цэркваў. Лістом ад 24 красавіка 2026 года Папа пацвердзіў поўнае адзінства новаабранага Патрыярха са Святым Пасадам, які такім чынам афіцыйна ўступіў на пасаду.

У лісце Пантыфік адзначыў, што з радасцю надае Патрыярху касцёльную супольнасць як знак поўнага адзінства з Апостальскім Пасадам, падкрэсліваючы супольнае служэнне адзінству Касцёла і будаванню Цела Хрыстовага. Папа выказаў пажаданне, каб новы Патрыярх выконваў сваё служэнне з пастырскай руплівасцю, кіруючы вернікамі паводле Сэрца Хрыста і ўмацоўваючы іх у веры, надзеі і любові.

Пантыфік адзначыў старажытную апостальскую традыцыю Халдэйскай Царквы, багатую сведчаннем шматлікіх мучанікаў і сведкаў веры. Ён пажадаў гэтай Усходняй Царкве працягваць плённа абвяшчаць Евангелле на сваёй тэрыторыі і ў вялікай дыяспары.

Папа перадаў сваё бацькоўскае прывітанне біскупам, духавенству, манаскім супольнасцям і свецкім вернікам, даручыўшы новага Патрыярха апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, а таксама абароне святых Адая і Мары.

Асобна Святы Айцец адзначыў, што абранне Паўла ІІІ Ноны адбылося ў дзень, калі халдэйская літургія ўспамінае сустрэчу ўваскрослага Хрыста з апосталам Тамашам, што мае сімвалічнае значэнне для гэтай Царквы, традыцыя якой звязана з апостальскім служэннем святога Тамаша. Папа пажадаў, каб прыклад гэтага апостала суправаджаў служэнне новага Патрыярха, асабліва перад абліччам выпрабаванняў, з якімі сутыкаюцца халдэйскія супольнасці.
 

28 красавіка 2026, 12:18