Пантыфік: кожны хрысціянін пакліканы да святасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Кожны з нас пакліканы жыць у ласцы Бога, практыкуючы цноты і наследуючы Хрыста”, - сказаў Пантыфік, працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны дакументам Другога Ватыканскага Сабора. Ён прапанаваў паразважаць над пятым раздзелам дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл “Lumen gentium”, у якім гаворыцца пра пакліканне ўсіх вернікаў да святасці.
Святасці – не прывілей нямногіх
“Згодна з саборнай канстытуцыяй, святасць – гэта не прывілей нямногіх, але дар, які абавязвае кожнага ахрышчанага імкнуцца да дасканаласці ў любові, гэта значыць да паўнаты любові да Бога і бліжняга. Любоў, насамрэч, – гэта сэрца святасці, да якой пакліканы ўсе вернікі: вылітая Айцом праз Сына Езуса, гэта цнота “кіруе ўсімі сродкамі асвячэння, фарміруе іх і вядзе да мэты”, - падкрэсліў Папа.
Мучаніцтва і штодзённае сведчанне веры
Леў XIV заўважыў таксама, што ад самага пачатку гісторыі Касцёла самым высокім узроўнем святасці лічыцца мучаніцтва – “найвышэйшае сведчанне веры і любові”, але пакліканне да святасць таксама можа спаўняцца ў штодзённым сведчанні веры і працы на карысць справядлівасці.
Сакрамэнт Эўхарыстыі
Святы Айцец адзначыў, што ўзрастаць у святым жыцці дапамагаюць сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыя, прыпадабняючы кожнага чалавека да Хрыста – прыкладу і меры святасці.
Штодзённая місія навяртання
Пантыфік нагадаў пра святасць Касцёла і пакліканне ўсіх вернікаў змагацца з грахамі і весці паслядоўнае жыццё. “Сумная рэальнасць граху ў Касцёле, гэта значыць ва ўсіх нас, заклікае кожнага прыкладаць намаганні для сур’ёзнай змены жыцця, давяраючы Пану, які абнаўляе нас у любові. Менавіта тая бясконцая ласка, якая асвячае Касцёл, даручае нам місію, якую мы павінны выконваць дзень за днём – гэта місія нашага навяртання”, - падкрэсліў Папа.
Кансэкраванае жыццё – прароцкі знак новага свету
Леў XIV заўважыў, што асаблівая роля ў сведчанні аб магчымасці святасці належыць кансэкраваным асабам, якія праз евангельскія рады беднасці, чыстасці і паслухмянасці служаць ва ўсім Божым народзе “прароцкім знакам новага свету”.
“Гэтыя тры цноты не абмяжоўваюць свабоду, але з’яўляюцца вызвольнымі дарамі Святога Духа, з дапамогай якіх некаторыя вернікі цалкам прысвячаюць сябе Богу”, - адзначыў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што праз радыкальнае наследаванне Хрыста кансэкраваныя асобы нагадваюць, што кожны досвед – нават пакуты – можа стаць шляхам да святасці.
