Пошук

Леў XIV перасцярог ад “злодзеяў”, якія крадуць мір і будучыню

Перад малітвай “Уладарка неба”, якая прайшла ў Ватыкане 26 красавіка 2026 года, Святы Айцец папярэдзіў пра “злодзеяў”, якія могуць пранікаць у чалавечае жыццё, каб пазбавіць яго свабоды і годнасці.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа паразважаў над евангельскім урыўкам (Ян 10:1-10), у якім Езус параўноўвае Сябе з брамай для авечак, падкрэсліваючы кантраст паміж добрым пастырам і злодзеем. Ён кажа, што той, хто ўваходзіць не праз браму, а інакш, з’яўляецца злодзеем, які прыходзіць, “каб красці, забіваць і нішчыць”. Пастыр жа прыходзіць, каб людзі “мелі жыццё і мелі ў дастатку”.

Леў XIV нагадаў, што Езус мае асаблівыя сяброўскія адносіны з кожным чалавекам. Ён ведае нас, кліча па імені, вядзе і клапоціцца пра нас, як пастыр пра авечак. Ён шукае тых, хто згубіўся, і аздараўляе тых, хто паранены. Ён прыйшоў не як злодзей, каб адабраць у нас жыццё і свабоду, але каб наставіць нас на шлях праведнасці, асвятліць наша сумленне і прывесці да больш поўнага і трывалага шчасця. “Тым, хто даручае сябе Яму, няма чаго баяцца, бо Ён не пазбаўляе нас жыцця, а прыходзіць, каб даць яго нам у дастатку”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў вернікаў асабліва ўважліва сачыць за брамай, якая вядзе ў наша сэрца і жыццё, каб у яе не пракраўся злодзей. "Злодзеі" могуць прымаць розныя абліччы. Імі могуць быць як людзі, якія душаць нашу свабоду і не паважаюць годнасць, так і памылковыя ідэі, прадузятасці, спажывецкі лад жыцця, які робіць чалавека ўнутрана пустым. Леў XIV нагадаў таксама пра такіх “злодзеяў”, як кровапралітныя войны і разрабаванне прыродных рэсурсаў, якія пазбаўляюць чалавецтва міру і будучыні.

Папа заахвоціў вернікаў спытаць сябе: хто або што кіруе іх жыццём, якія "злодзеі" спрабавалі пранікнуць у наша грамадства і ці атрымалася ў іх гэта.

У завяршэнне разважання ён заклікаў слухачоў даверыцца Езусу, Які прыходзіць не дзеля таго, каб нешта адабраць, а наадварот, як добры пастыр, памнажае жыццё і прапануе яго нам у дастатку. “Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя заўсёды суправаджае нас у падарожжы і заступаецца за нас і за ўвесь свет”, - пажадаў Святы Айцец.

26 красавіка 2026, 12:04

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >