Леў XIV: быць Касцёлам, які выходзіць да людзей
Марыя Валодзіна – Vatican News
1 красавіка 2026 года падчас агульнай аўдыенцыі на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане Папа працягнуў цыкл катэхез аб дакументах Другога Ватыканскага Сабора. Асноўная ўвага была нададзена чацвёртаму раздзелу дагматычнай канстытуцыі “Lumen gentium”, які прысвечаны годнасці і місіі свецкіх вернікаў.
Леў XIV нагадаў словы свайго папярэдніка Францішка аб тым, што “свецкія вернікі складаюць велізарную большасць Божага народа. На іх службе знаходзіцца меншасць – пасвечанае духавенства” (Evangelii gaudium, 102). Чацвёрты раздзел “Lumen gentium” прысвечаны станоўчаму тлумачэнню прыроды і місіі свецкіх пасля стагоддзяў, калі яны вызначаліся толькі праз тое, кім яны не з’яўляюцца.
Пантыфік нагадаў пра “веліч хрысціянскага стану” і роўнасць усіх ахрышчаных: ёсць толькі адзін Пан, адна вера і адзін хрост. Усе вернікі маюць агульную годнасць і свабоду сыноў Божых. “Вядома, чым большы дар, тым большая адказнасць”, - заўважыў Святы Айцец. Згодна з вучэннем Сабора, свецкія вернікі ўдзельнічаюць “у святарскім, прароцкім і каралеўскім абавязку Хрыста” і пакліканы рэалізоўваць місію ўсяго хрысціянскага народу як у Касцёле, так і ў свеце (Lumen gentium, 31).
У сілу хросту свецкія хрысціяне ўдзельнічаюць у святарстве Хрыста. Сапраўды, “найвышэйшы і спрадвечны Святар Езус Хрыстус, жадаючы, каб Яго сведчанне і Яго служэнне працягваліся таксама праз пасрэдніцтва свецкіх людзей, ажыўляе іх сваім Духам і няспынна заахвочвае да ўсякай добрай і дасканалай справы”, - працытаваў Папа (Lumen gentium, 34).
Згадваючы вучэнне Яна Паўла II, у прыватнасці яго апостальскую адгартацыю “Christifideles laici”, Леў XIV нагадаў, што Сабор адкрыў новыя гарызонты для служэння свецкіх, заклікаючы іх актыўна ўдзельнічаць у жыцці Касцёла і пераўтварэнні свету. Касцёл прысутнічае там, дзе яго дзеці вызнаюць Евангелле і сведчаць аб ім: на працоўных месцах, у грамадзянскай супольнасці і ва ўсіх чалавечых адносінах, дзе яны сваім выбарам дэманструюць прыгажосць хрысціянскага жыцця і Валадарства Божага. Свет павінен быць прасякнуты Духам Хрыстовым, каб пашыраць Валадарства справядлівасці, любові і спакою (Lumen gentium, 36). А гэта магчыма толькі пры ўдзеле свецкіх, - адзначыў Пантыфік.
Напрыканцы сустрэчы Леў XIV запрасіў вернікаў стаць “Касцёлам, які выходзіць да людзей”, як казаў Папа Францішак: адкрытым, місійным і ўкаранёным у гісторыю. Усе ахрышчаныя пакліканы быць вучнямі-місіянерамі, апосталамі Евангелля, сведкамі Валадарства Божага і носьбітамі радасці Хрыста. Ён заклікаў вернікаў у час набліжэння Вялікадня аднавіць у сабе ласку сведчання пра Уваскрослага Хрыста па прыкладзе першых вучняў, Марыі Магдалены, Пятра і Яна.
