Пошук

Леў XIV узначаліў Крыжовы шлях у рымскім Калізеі

У Вялікую пятніцу, 3 красавіка 2026 года, Папа ўзначаліў Крыжовы шлях у рымскім Калізеі, асабіста нясучы Крыж. Падчас набажэнства прагучалі разважанні, якія падрыхтаваў айцец Франчэска Патан.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Леў XIV стаў другім Папам, які пранёс крыж падчас усяго Крыжовага шляху ў Рыме, паўтарыўшы прыклад святога Папы Яна Паўла II, які здзяйсняў гэты жэст у перыяд з 1980 па 1994 год.

У набажэнстве ўдзельнічалі каля 30 тысяч вернікаў, мільёны людзей па ўсім свеце далучыліся праз трансляцыі ў сацыяльных сетках, на тэлебачанні і радыё. Працэсія праходзіла пры святле свечак сярод муроў старажытнага амфітэатра, які калісьці стаў сведкам мучаніцтва першых хрысціян.

Калізей, будаўніцтва якога пачаў імператар Веспасіян і завяршыў у 80 годзе нашай эры імператар Ціт, быў пазней асвечаны як каталіцкі храм. Кожны год Біскуп і вернікі Рыма збіраюцца ў Калізеі, каб здзейсніць духоўную пілігрымку праз чатырнаццаць стацый Крыжовага шляху, якія нагадваюць пра смерць і пахаванне Хрыста.

Падчас набажэнства былі прачытаныя ўрыўкі з Евангелля, а таксама тэксты святога Францішка Асізскага і разважанні францішканіна Франчэска Патана, былога кустода Святой Зямлі.

04 красавіка 2026, 09:12