Пошук

Святы Айцец пакідае Луанду Святы Айцец пакідае Луанду  (@Vatican Media)

Леў XIV на шляху ў Гвінею: пералёт і тэлеграмы палітыкам

Папа пакінуў Луанду і накіраваўся ў Малаба, распачаўшы тым самым апошнюю частку свайго падарожжа ў Афрыку. У бліжэйшыя дні ён будзе знаходзіцца ў Экватарыяльнай Гвінеі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Раніцай 21 красавіка 2026 года пасля прыватнай Святой Імшы ў апостальскай нунцыятуры Папа выехаў на аўтамабілі ў міжнародны аэрапорт Луанды, дзе яго сустрэў прэзідэнт Анголы Жуан Мануэл Гансалвіш Ларэнсу. Падчас афіцыйнай цырымоніі развітання прагучалі дзяржаўныя гімны, пасля чаго ватыканская дэлегацыя развіталася і адбыла ў Малаба.

За дзве з паловай гадзіны самалёт з Пантыфікам на борце пераадолеў адлегласць у 1564 кіламетры. Падчас палёту Папа пагутарыў і сфатаграфаваўся з экіпажам, ужыў лёгкі сняданак. Маршрут самалёта Airbus A330-900 neo авіякампаніі ITA пралягаў над тэрыторыяй Анголы, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Габона, Камеруна і Экватарыяльнай Гвінеі.

Па традыцыі, падчас пералёту Святы Айцец накіраваў прывітальныя тэлеграмы кіраўнікам дзяржаў, над тэрыторыяй якіх пралятаў яго самалёт.

У тэлеграме прэзідэнту Анголы Жуану Мануэлю Гансалвішу Ларэнсу Папа выказаў глыбокую ўдзячнасць за цёплы прыём і гасціннасць, запэўніўшы ў сваіх малітвах за ангольскі народ і заклікаўшы Божае благаслаўленне радасці і гармоніі на ўсіх ангольцаў.

Кіраўніку Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Дэні Сасу-Нгесо і яго суграмадзянам Пантыфік перадаў свае добрыя пажаданні і запэўніў у малітве аб тым, каб іх нацыя атрымала боскія благаслаўленні мудрасці і дабрабыту.

У пасланні да прэзідэнта Габона Брыса Клотэра Алігі Нгемы Папа перадаў сардэчныя прывітанні народу гэтай краіны. Ён заклікаў бласлаўленне Усемагутнага Бога на іх нацыю і запэўніў у малітве аб тым, каб Ён дараваў ім мір і дабрабыт.

На імя прэзідэнта Камеруна Поля Бія было накіравана пасланне, у якім Святы Айцец перадаў свае прывітанні і добрыя пажаданні і запэўніў у малітве за адзінства і росквіт камерунскага народа.

21 красавіка 2026, 12:44