Місія без зброі: Леў XIV да святароў падчас Імшы Хрызма
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Раніцай 2 красавіка 2026 года ў ватыканскай базіліцы Пантыфік упершыню як Біскуп Рыма ўзначаліў Імшу Хрызма. Гэты дзень, калі Касцёл узгадвае ўстанаўленне Эўхарыстыі і святарства, стаў для Льва XIV нагодай для глыбокага аналізу сутнасці хрысціянскага паклікання. Асвячэнне алеяў, якія будуць выкарыстоўвацца для хросту і намашчэння хворых, стала сімвалам абнаўлення місіі, што нясе мір праз безабаронную любоў.
Хрысціянская місія патрабуе адвагі пакінуць зону камфорту дзеля сапраўднай сустрэчы
Згодна з думкай Святога Айца, агучанай ім падчас гаміліі, місія Касцёла не аддзельная ад місіі самога Хрыста. Яна грунтуецца на трох вымярэннях: адлучэнні ад зямнога, сустрэчы і выпрабаванні неразуменнем.
Папа заклікаў вернікаў не дазваляць сваёй самабытнасці ператварацца ў закрытую прастору, а месца прабывання – у ізаляванае сховішча. Сапраўдная радасць і супакой, на яго перакананне, немагчымыя без рызыкі і гатоўнасці адмовіцца ад уласнага эгаізму дзеля шчырай адкрытасці іншаму чалавеку.
Другім важным крокам з’яўляецца сустрэча, якая катэгарычна адкідвае логіку дамінавання. Леў XIV падкрэсліў, што ні ў душпастырскай, ні ў грамадскай ці палітычнай сферах дабро не можа нарадзіцца праз насілле. Сапраўдныя місіянеры ўваходзяць у жыццё іншых сціпла і далікатна, выбіраючы служэнне і павагу замест стратэгічнага разліку. У свеце, дзе працэс секулярызацыі выглядае незваротным, хрысціяне павінны заставацца гасціннымі гасцямі, здольнымі прымаць і быць прынятымі.
Крыж у місіі становіцца інструментам выкрыцця насілля, якое робіцца законам
Трэцяе вымярэнне хрысцяніна – неразуменне і прыняцце Крыжа. Папа заўважыў, што місія – гэта не індывідуальная гераічная прыгода, а супольны шлях Касцёла, які часта праходзіць праз адчужанасць і адкінутасць. Аднак менавіта ў такія моманты пасланніцтва становіцца найбольш безабаронным, а значыць – бескарыслівым і прарыўным.
Паводле слоў Льва XIV, Крыж здольны спыніць “імперыялістычную акупацыю” свету, бо ён узламвае сістэму сілы знутры. Калі місіянер ідзе шляхам Хрыста, само існаванне Крыжа выкрывае насілле, якое ў сучасным грамадстве стала настолькі звыклым, што пачало лічыцца законам.
У якасці прыкладу для пераймання Пантыфік прыгадаў святога Оскара Рамэра, арцыбіскупа Сан-Сальвадора, забітага каля алтара ў 1980 годзе. Жыццё гэтага мучаніка пацвярджае, што гісторыю твораць святыя.
Леў XIV завяршыў сваю гамілію заклікам стаць "новым народам" – не ахвярамі, а сведкамі, якія ў цёмную гадзіну гісторыі распаўсюджваюць водар Хрыста там, дзе пануе пах смерці.
