Леў XIV памаліўся на месцы замаху на святога Яна Паўла ІІ
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Праязджаючы на папамабілі праз Плошчу Святога Пятра і вітаючы вернікаў, Папа спыніўся ля белай мармуровай пліты, устаноўленай на месцы трагічнай падзеі. Пасля кароткай прыватнай малітвы Леў XIV схіліўся над памятнай табліцай і дакрануўся да яе рукой.
Замах на святога Яна Паўла ІІ адбыўся падчас агульнай аўдыенцыі, якая праходзіла 13 мая 1981 года. Адна куля трапіла яму ў жывот, а другая ў руку. Папа быў хутка дастаўлены ў шпіталь, дзе яго неадкладна прааперыравалі. Праз 22 дні ён вярнуўся ў Ватыкан.
За сваё ўратаванне Ян Павел ІІ заўсёды быў удзячны Багародзіцы – замах адбыўся ў дзень, калі ў Касцёле ўзгадваецца першае аб’яўленне Маці Божай у партугальскім гарадку Фаціма, якое адбылося ў 1917 годзе. Менавіта туды святы Ян Павел ІІ здзейсніў свой першы візіт пасля выздараўлення.
