Леў XIV: Хрыстус – крытэрый і канон сапраўднай любові
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Святы Айцец заўважыў, што ў сённяшнім літургічным евангельскім урыўку гучаць “некаторыя словы, якія Езус скіраваў да сваіх вучняў падчас Апошняй вячэры”. “Робячы хлеб і віно жывым знакам сваёй любові, Хрыстус кажа: “Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі”. Гэта сцвярджэнне вызваляе нас ад памылковага ўяўлення, нібыта нас любяць тады, калі мы захоўваем запаведзі: у такім выпадку наша праведнасць была б прычынай Божай любові. Але ўсё наадварот – Божая любоў з’яўляецца прычынай нашай праведнасці. Мы сапраўды захоўваем запаведзі паводле волі Бога, калі прызнаём Яго любоў да нас, якую Хрыстус адкрыў свету”, - патлумачыў Леў XIV.
“Вось чаму Пан нам загадвае любіць адзін аднаго, як Ён палюбіў нас: менавіта любоў Езуса нараджае любоў у нас. Сам Хрыстус з’яўляецца крытэрыем, канонам сапраўднай любові: той, якая заўсёды верная, чыстая і безумоўная. Любові, якая не ведае ні “але”, ні “магчыма”, якая аддае сябе без жадання валодаць, якая дае жыццё, нічога не просячы наўзамен. Паколькі Бог першы палюбіў нас, мы таксама можам любіць; і калі мы па-сапраўднаму любім Бога, тады мы па-сапраўднаму любім адзін аднаго. Гэта як з жыццём: толькі той, хто яго атрымаў, можа жыць, і таму толькі той, каго палюбілі, можа любіць. Такім чынам запаведзі Пана – гэта парадак жыцця, які аздараўляе нас ад фальшывай любові; гэта духоўны стыль, які з’яўляецца шляхам да збаўлення”, - дадаў Папа.
Пантыфік заўважыў, што менавіта ў сілу сваёй любові Бог ніколі не пакідае нас падчас жыццёвых выпрабаванняў, але паабяцаў даць нам Суцяшальніка, Заступніка, “Духа праўды”.
“Гэта дар, “якога свет не можа прыняць”, пакуль ён упарта трымаецца зла, што прыгнятае бедных, адрынае слабых і забівае нявінных. Тыя ж, хто адказвае на любоў, якую Езус мае да ўсіх, знаходзяць у Святым Духу саюзніка, які ніколі не падводзіць: “Вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе”. Такім чынам мы заўсёды і паўсюль можам быць сведкамі Бога, які ёсць любоў: гэта не ідэя чалавечага розуму, але рэальнасць боскага жыцця, дзякуючы якой усё было створана з нічога і адкуплена ад смерці”, - дадаў ён.
Святы Айцец заўважыў, што, дорачы нам сапраўдную і вечную любоў, Езус падзяляе з намі сваю тоеснасць умілаванага Сына: “Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас”. “Гэта ўсеахопнае адзінства жыцця абвяргае Абвінаваўцу, гэта значыць праціўніка Суцяшальніка, духа, супрацьлеглага нашаму Абаронцу. Бо ў той час як Святы Дух з’яўляецца сілай праўды, згаданы Абвінаваўца з’яўляецца “бацькам хлусні”, які хоча настроіць чалавека супраць Бога, а людзей – адзін супраць аднаго: гэта адваротнае таму, што робіць Езус, выбаўляючы нас ад зла і яднаючы як народ братоў і сясцёр у Касцёле”, - патлумачыў Пантыфік, заклікаючы прысутных на ватыканскай плошчы “з удзячнасцю за гэты дар” даверыць сябе “заступніцтву Панны Марыі, Маці Боскай Любові”.