Пошук

Аўдыецыя для фонду "Edith-Haberland-Wagner" і піваварні "Augustiner" Аўдыецыя для фонду "Edith-Haberland-Wagner" і піваварні "Augustiner"  (@Vatican Media)

Леў XIV: вытворчасць піва, святы Аўгустын і экалагічная этыка

Леў XIV сустрэўся 9 мая 2026 года з прадстаўнікамі мюнхенскага фонду "Edith-Haberland-Wagner" і піваварні "Augustiner", нагадаўшы ім пра хрысціянскае пакліканне да аховы супольнага дома.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Вітаючы гасцей у сэрцы Апостальскай Сталіцы, Пантыфік падзякаваў за іх візіт, прымеркаваны да гадавіны яго абрання на Пасад Пятра. Папа з удзячнасцю прыняў дары – традыцыйную прадукцыю старой нямецкай піваварні, убачыўшы ў гэтым жэсце не проста даніну павагі, але нагоду паразважаць пра глыбокую сувязь паміж штодзённай працай і духоўнымі каштоўнасцямі.

Першым важным акцэнтам прамовы стала сувязь мюнхенскай дэлегацыі з Ордэнам аўгустынцаў. Леў XIV прызнаўся, што духоўнасць святога Аўгустына мае вялікае значэнне для яго асабістага шляху. Ён падкрэсліў, што кожны чалавек валодае ўнікальнымі талентамі, якія з’яўляюцца Божым дарам.

Сапраўднае шчасце і самарэалізацыя дасягаюцца тады, калі гэтыя здольнасці выкарыстоўваюцца для ахвярнага служэння Богу і бліжнім, асабліва тым, хто найбольш мае патрэбу ў падтрымцы.

Другі пункт разважанняў Святога Айца быў непасрэдна звязаны з экалагічнай спадчынай яго папярэдніка – Папы Францішка. Згадваючы першую гадавіну яго смерці, Леў XIV спаслаўся на знакамітую энцыкліку "Laudato si’", прысвечаную клопату пра навакольнае асяроддзе. Ён нагадаў, што ўся веліч стварэння, якая ўключае і жывёл, і ежу, і напоі, з’яўляецца адлюстраваннем бязмежнай любові Створцы.

Як адзначыў Пантыфік у сваім звароце, кожны элемент прыроды – "нібы ласка Бога". Усведамленне гэтага накладае на чалавека сур’ёзны маральны абавязак: не проста карыстацца рэсурсамі зямлі, але рабіць гэта мудра і справядліва.

Леў XIV падкрэсліў, што менавіта справядлівае стаўленне да стварэння з’яўляецца неабходным фундаментам для сапраўднага міру.

На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец заклікаў мюнхенскіх гасцей спрыяць справядліваму і эфектыўнаму клопату пра прыроду як у прафесійнай дзейнасці, так і ў прыватным жыцці. Ён даручыў усіх прысутных і іх сем’і заступніцтву Марыі, Маці Касцёла, і ўдзяліў сваё благаслаўленне.
 

09 мая 2026, 13:04