Пошук

Аўдыенцыя для адміністрацыі “Фонду Яна Паўла ІІ на карысць Сахеля” Аўдыенцыя для адміністрацыі “Фонду Яна Паўла ІІ на карысць Сахеля”  (@VATICAN MEDIA)

Сахель: новы подых надзеі ад Льва XIV

Леў XIV сустрэўся 9 мая 2026 года з адміністрацыяй “Фонду Яна Паўла ІІ на карысць Сахеля”, заклікаўшы да абнаўлення місіі ў рэгіёне, які пакутуе ад крызісаў, на аснове новых Статутаў арганізацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец прывітаў гасцей старажытным велікодным пажаданнем міру, падкрэсліваючы, што менавіта гэтага прагне сучасны свет. Ён заўважыў, што праца па падрыхтоўцы Фонду да "новага старту" вялася ў сінадальным духу ў шчыльным супрацоўніцтве з рознымі ведамствамі Святога Пасада.

Паводле слоў Пантыфіка, пасля больш чым саракагадовага шляху Фонд апынуўся на пераломе, выкліканым шматмернымі міжнароднымі эканамічнымі крызісамі. Гэта зрабіла неабходным аздараўленне яго місіі ў адпаведнасці з сучаснымі нормамі Святога Пасада. Леў XIV падкрэсліў, што гэтыя змены дазваляюць Касцёлу і далей эфектыўна сведчыць пра сваю любоў да народаў Заходняй Афрыкі, працягваючы справу, распачатую святым Янам Паўлам ІІ у 1980 годзе.

Папа звярнуў увагу на тое, што ў свеце, поўным геапалітычнай напружанасці, войнаў, тэрарызму і кліматычных катастроф, дзейнасць Фонду становіцца больш актуальнай, чым калі-небудзь. "Дапамога ахвярам прыродных катаклізмаў або ўразлівым людзям – гэта пытанне справядлівасці, яшчэ да таго як быць пытаннем міласэрнасці", - адзначыў ён.

Леў XIV ухваліў аднагалоснае рашэнне захаваць статус Фонду як Папскай установы. Ён заклікаў да таго, каб дзейнасць арганізацыі спрыяла прасоўванню неад'емнай чалавечай годнасці насельніцтва Сахеля праз канкрэтныя праекты.
 

09 мая 2026, 13:36