Пошук

Прэм’ер Судана Каміль Эль-Таеб Ідрыс Абдэльхафіз падчас сустрэчы з Львом XIV Прэм’ер Судана Каміль Эль-Таеб Ідрыс Абдэльхафіз падчас сустрэчы з Львом XIV  (@VATICAN MEDIA)

Папа прыняў прэм’ера Судана: размова аб міры ў Ватыкане

Леў XIV прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Судана Каміля Эль-Таеба Ідрыса Абдэльхафіза, пасля чаго ў Дзяржаўным сакратарыяце абмеркавалі шляхі пераадолення крызісу ў краіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча Пантыфіка з кіраўніком суданскага ўрада прайшла ў Ватыкане раніцай у панядзелак, 11 мая 2026 года. Гэты візіт працягнуўся ў фармаце дыпламатычных перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце, дзе высокага госця прынялі кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін і мансеньёр Міхейца Блаж, намеснік сакратара па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Падчас сардэчнай размовы бакі спыніліся на значнасці адносін паміж Святым Пасадам і Суданам, адзначыўшы важную ролю мясцовага Касцёла. Як паведамляе Зала Друку Святога Пасада, была падкрэслена істотная дапамога каталіцкай супольнасці, якую яна аказвае дзеля дабрабыту ўсёй краіны, што становіцца асабліва важным у часы выпрабаванняў.

Прэм'ер Судана падчас сустрэчы з кардыналам-дзяржсакратаром П’етра Паралінам
Прэм'ер Судана падчас сустрэчы з кардыналам-дзяржсакратаром П’етра Паралінам   (@Vatican Media)

Асноўная частка дыскусіі была прысвечана драматычнаму становішчу, у якім апынуўся Судан. Краіна ўжо тры гады пакутуе ад жорсткага крызісу, выкліканага вайной, што патрабуе неадкладных і рашучых дзеянняў з боку як унутраных сіл, так і міжнароднай супольнасці.

У кантэксце мірнага ўрэгулявання ўдзельнікі сустрэчы зноў заявілі аб надзённай патрэбе ў дасягненні пагаднення аб спыненні агню. Было адзначана, што першачарговымі крокамі павінны стаць аказанне дапамогі насельніцтву і пачатак шчырага дыялогу паміж усімі бакамі суданскага народа з мэтай спынення канфлікту і калектыўнага ўсталявання міру.
 

11 мая 2026, 11:50