Пошук

Анёл Панскі: Божая любоў дзейнічае ціха, але перамяняе свет

Божая любоў, падобна да маленькага зерня або закваскі, дзейнічае непрыкметна, але няспынна змяняе свет, - нагадаў Пантыфік перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла 19 ліпеня 2026 года на плошчы Свабоды ў Кастэль-Гандольфа.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Святы Айцец заўважыў, што пасля прыпавесці пра сейбіта Езус працягвае прамаўляць да людзей, выкарыстоўваючы іншыя вобразы: добрага насення і каласоўніка, гарчычнага зерня і закваскі (пар. Мц 13, 24-43). Гэтыя тры невялікія прыпавесці маюць на мэце нагадаць пра прыход у гісторыю Валадарства Божага, пра яго дзеянне ў жыцці людзей, пра тое, як яно расце, пашыраецца і перамяняе свет. З іх дапамогай Езус перасцерагае нас ад спакусы думаць пра Бога як пра магутную, трыумфальную постаць, якая дамінуе і навязваецца сілай. Наадварот, Бог пакідае нам свабоду прыняць Яго ці адхіліць, аддае перавагу малому, як знаку Яго стрыманай любові, якая дзейнічае прыхавана і непрыкметна, як маленькае зерне, і ціха, нібы закваска.

“Гэтымі прыпавесцямі Езус кажа нам нешта важнае пра тое, як Бог дзейнічае ў нашым жыцці і ў гісторыі. Часам мы чакаем чагосьці гучнага, жадаем, каб Бог умяшаўся зверху, неадкладна вырваўшы каласоўнік зла. Мы ўяўляем Бога моцным і магутным і, на жаль, да гэтага вобраза дастасоўваем і наш уласны спосаб быць хрысціянамі і Касцёлам. Замест гэтага, Валадарства Божае распаўсюджваецца нават пасярод каласоўніка і патрабуе ад нас позірку, здольнага заўважыць дабро, якое прарастае нават сярод цемры зла, не асуджаючы ўсё і адразу. Яно прыходзіць як найменшае зерне і таму патрабуе цярплівасці, каб умець суправаджаць працэсы, распазнаючы яго ў штодзённай драбніцы і ў прастаце звычайнага жыцця. Яно расце непрыкметна, як закваска ў муцэ, і, такім чынам, вызваляе нас ад адчаю і заклікае мець давер нават тады, калі нам здаецца, што Бога няма. Таму што на самой справе Ён заўсёды суправаджае нас, і Яго любоў заўсёды дзейнічае для нас”, - сказаў Папа.

“Гэты Божы стыль павінен стаць і нашым спосабам – як асобных людзей, так і Касцёла – жыць у рэчаіснасці, якая нас акружае. Мы пакліканы прыняць евангельскі стыль: не супрацьпастаўляючы сябе іншым з дапамогай напышлівых суджэнняў, не навязваючы сябе ўладай і сілай, не губляючы даверу да Божай справы. Гаворка ідзе пра тое, як казаў калісьці кардынал Ратцынгер, каб падпарадкавацца логіцы зерня, якая заключаецца не ў поспеху і велічы, а заклікае нас стаць малымі і служыць жыццю людзей (пар. Прамова на кангрэсе катэхетаў і настаўнікаў рэлігіі, 10 снежня 2000 года). Такім чынам мы самі станем падобнымі да маленькага насення Евангелля, якое прарастае, і да закваскі любові, якая пераўтварае цеста свету.

Пантыфік заахвоціў вернікаў маліцца да Найсвяцейшай Панны Марыі, якая здолела прыняць зерне Божага Слова, каб Яна падтрымала нас на гэтым шляху і заступалася за нас.

19 ліпеня 2026, 12:13

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >