Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: блізкасць да пажылых людзей, ахвяр войнаў і пажараў

Леў XIV заклікаў маліцца за народы, якія пакутуюць ад вайны, павіншаваў мараніцкіх католікаў з беатыфікацыяй Патрыярха Эліяса Хоаэка, выказаў блізкасць ахвярам пажараў у Францыі і Іспаніі і пажылым людзям.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” ў Кастэль-Гандольфа, якая прайшла 26 ліпеня 2026 года, Пантыфік заўважыў, што днём раней ў Ліване быў абвешчаны благаслаўлёным Эліяс Хоаэк, Патрыярх Антыяхійскі Мараніцкай Царквы ў 1899-1931 гадах і заснавальнік Кангрэгацыі мараніцкіх сясцёр Святой Сям’і.

“Больш за трыццаць гадоў ён кіраваў Мараніцкай Царквой з вялікай адданасцю і душпастырскай чуласцю. Чалавек дыялогу і надзеі, ён стаў настолькі яскравым духоўным, грамадскім і палітычным аўтарытэтам, што яго называлі “Айцом Вялікага Лівана”. Няхай малітва і заступніцтва новага благаслаўлёнага заўсёды суправаджаюць мараніцкіх вернікаў ва ўсім свеце і выпросяць дар міру для ўсяго народа Лівана, такога дарагога майму сэрцу”, - сказаў Папа.

Леў XIV адзначыў, што з трывогай назірае за працягам і ўзмацненнем гвалту ў Святой Зямлі, ахвярамі якога ў апошні час сталі таксама многія мірныя жыхары на Заходнім беразе ракі Ярдана і ў Газе.

“Настойліва заклікаю вярнуцца да перамоваў дзеля справядлівага палітычнага вырашэння, заснаванага на роўнай годнасці і роўных правах кожнага чалавека, а таксама адмовіцца ад новых ваенных дзеянняў і аднабаковых рашэнняў, асабліва тых, што парушаюць павагу і статус-кво святых месцаў усіх рэлігій”, - сказаў Пантыфік.

Папа таксама звярнуў увагу на сітуацыю на ўсім Блізкім Усходзе, “дзе ўзмацненне ваенных аперацый зноў прынесла гвалт і разбурэнні, сур’ёзна пагражаючы жыццю шматлікіх мірных жыхароў і яшчэ больш пагаршаючы недахоп пітной вады і электраэнергіі”. “Ад усяго сэрца заклікаю ўсе ўцягнутыя бакі спыніць атакі і неадкладна аднавіць прастору для дыялогу і дыпламатыі, каб як мага хутчэй дасягнуць міру, якога так прагне ўвесь рэгіён”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Працягнем маліцца за ўсе народы, якія ва ўсім свеце церпяць ад вайны. Няхай Пан закране сэрцы і прасвятліць розум тых, хто нясе адказнасць, каб як мага хутчэй прыйшлі прымірэнне і мір”, - дадаў Леў XIV.

Пантыфік згадаў таксама пра спусташальныя пажары, якія ў гэтыя дні ахапілі розныя рэгіёны Францыі і Іспаніі. “Выказваю сваю блізкасць усім пацярпелым і заклікаю маліцца за людзей, якіх закранула гэтае бедства, а таксама за працу ратавальнікаў”, - сказаў ён.

Нарэшце Папа нагадаў пра VI Сусветны дзень бабуль, дзядуляў і пажылых людзей, які адзначаецца ў Касцёле пад дэвізам: “Я ж не забуду цябе ніколі” (Іс 49, 15). “Падзякуем разам Пану за дар пажылых людзей для Касцёла і грамадства, а таксама абавязуемся паважаць і высока цаніць іх каштоўную ролю, заўсёды забяспечваючы ім належную ўвагу і неабходную апеку”, - заклікаў Святы Айцец.
 

26 ліпеня 2026, 12:41