Пошук

Леў XIV: сапраўдны скарб жыцця – адносіны з Богам

Не паддавацца ілюзіям спажывецкага свету, а распазнаць сапраўдны скарб – блізкасць з Богам, якая прыносіць радасць і дапамагае будаваць адносіны з іншымі, заклікаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якую правёў 26 ліпеня 2026 года ў Кастэль-Гандольфа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Леў XIV нагадаў, што Езус параўноўвае таямніцу Божага Валадарства з каштоўнай жамчужынай і схаваным скарбам, знаходзячы якія чалавек з радасцю гатовы адмовіцца ад усяго астатняга.

Пантыфік адзначыў, што евангелісты ад самага пачатку паказваюць прыцягальную сілу закліку Езуса. Тыя, каго Хрыстус клікаў за сабой, не адчувалі прымусу, а ахвотна адказвалі Яму, разумеючы, што Ён прапануе нешта большае за тое, што яны пакідаюць.

“Сустрэча з Яго Валадарствам становіцца паваротным момантам, які не абмяжоўвае жыццё, а наадварот – робіць яго больш поўным. Калі нешта і павінна змяніцца, то дзеля большага багацця магчымасцей, а не дзеля іх змяншэння”, - патлумачыў Святы Айцец.

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" ў Кастэль-Гандольфа
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" ў Кастэль-Гандольфа   (ANSA)

Па словах Папы, Езус падкрэслівае, што гэты скарб могуць знайсці самыя розныя людзі. Селянін, купец, рыбак, жанчына, якая замешвае цеста, кароль ці пастух – кожны, незалежна ад свайго ўзросту, прафесіі ці становішча, можа адкрыць для сябе Божае Валадарства.

“Такім чынам, Божае Валадарства адкрывае сваю неацэнную прыгажосць на самых розных жыццёвых шляхах, але ўсіх – мужчын і жанчын, маладых і старых, бедных і багатых – заклікае да глыбокага абнаўлення. Кожны можа зразумець яго і адчуць яго прыцягальную сілу”, - дадаў Леў XIV.

“Таксама і сёння Касцёл з’яўляецца супольнасцю людзей, розных паводле паходжання, культуры, здольнасцей і ўзроўню адказнасці, але ўсіх пакліканых адкрыць, што яны “адно” ў Езусе Хрысце. Менавіта Ён з’яўляецца схаваным скарбам, каштоўнай жамчужынай, сеткай, якая збірае тых, хто быў рассеяны. Ад самага пачатку Езус заклікаў і згуртоўваў вакол сябе людзей, якія ў іншых абставінах ніколі не сустрэліся б паміж сабой. Менавіта так Ён паказаў, што Бог не робіць розніцы паміж людзьмі, а Яго выбар з’яўляецца праяўленнем асаблівай любові, асабліва да малых і адкінутых”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа вітае вернікаў пасля малітвы "Анёл Панскі" ў Кастэль-Гандольфа
Папа вітае вернікаў пасля малітвы "Анёл Панскі" ў Кастэль-Гандольфа   (AFP or licensors)

Святы Айцец заклікаў вернікаў “прасіць аб тым самым дары, аб якім маліўся малады цар Саламон” – дары “распазнаць жамчужыну вялікай каштоўнасці, умець убачыць той скарб, дзеля якога варта прадаць усё”.

“У той час, калі індустрыя спажывання змяняе наш густ, пастаянна ствараючы новыя патрэбы, а потым прапаноўваючы адказы, якія не даюць насычэння, а часам нават атручваюць сэрца, мы павінны навучыцца распазнаваць тое, што сапраўды мае значэнне – скарб адносін з Богам, які адкрывае нас на радасць і дапамагае як найлепш будаваць адносіны паміж сабой”, - сказаў Леў XIV, заклікаючы памаліцца праз заступніцтва Панны Марыі, Сталіцы мудрасці, каб нашае імкненне да жыцця было скіравана да Езуса і магло здзейсніцца ва ўсёй сваёй паўнаце.

26 ліпеня 2026, 12:15

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >