Арцыбіскуп Крачата пракаментаваў напружанне ў Еўропе з-за дронаў
Ян Глінскі
Нагадаем, у сувязі са згаданым інцыдэнтам былі закрытыя аэрапорты ў Осла і Капенгагене, дзе назіраўся найвышэйшы ўзровень трывогі ў Еўропе.
“Трэба быць асцярожнымі, выкарыстоўваючы занадта драматычныя тэрміны, такія як “на парозе вайны”, – адзначыў у размове з агенцтвам SIR арцыбіскуп Марыяна Крачата. – Неспакой, несумненна, ёсць, але ёсць і перакананне ў неабходнасці разважлівага падыходу да ўсіх аспектаў сітуацыі”.
На думку старшыні COMECE, аслабленне духу еўрапейскага міру звязана з “паступовым сціраннем памяці пра дзве сусветныя вайны”. “Мы страцілі ўсведамленне трагедыі, якую перажыла Еўропа, і патрэбу, якую адчувала пакаленне тых, хто выжыў, зрабіць немагчымым вяртанне вайны”, – адзначыў арцыбіскуп, які перакананы, што слабасць Еўропы заключаецца ў адсутнасці адзінства. “Не ўсе з нас выхоўваюць у сабе вострае ўсведамленне таго, што нас аб’ядноўвае: карані нашай цывілізацыі і адказнасць за захаванне спадчыны, даручанай нам”, – патлумачыў іерарх.
Разважаючы на тэму ролі Касцёла ў актуальных абставінах, арцыбіскуп Крачата назваў тры задачы: адукацыйную, культурную і інстытуцыйную. Па яго словах, моладзь часта пазбаўлена перспектыў і маральных арыенціраў, таму вялікае значэнне набывае тэма яе выхавання.
Старшыня COMECE нагадаў, што менавіта Папа ўказвае шлях, а біскупы разам з адказнымі за грамадскае жыццё павінны даваць імпульс палітычным рашэнням, каб “думаць і дзейнічаць з шырокім бачаннем, пераўзыходзячы кароткатэрміновыя разлікі”. “У нас усё яшчэ ёсць магчымасць думаць маштабна, дзеля адзінай і моцнай Еўропы, здольнай адыграць ролю ў забеспячэнні стабільнасці і міру на міжнароднай арэне”, – дадаў арцыбіскуп Марыяна Крачата.