Арцыбіскуп Галахер: свет мае патрэбу ў кампетэнтных лідарах
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Мы маем патрэбу ў кампетэнтных і прарочых лідарах, пакорных і чуйных да патрэб усіх, асабліва найбяднейшых членаў грамадства", - заявіў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, выступаючы на сёмым пасяджэнні Еўрапейскага савета па Афрыцы і Блізкім Усходзе (ECAM).
Супрацоўніцтва замест ізаляцыі
Сустрэча была арганізавана “The European House Ambrosetti” падчас 80-й сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку. У сёлетнім мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі больш чым 20 краін з 4 кантынентаў.
У сваім выступленні на тэму "Афрыканскія лідары за перамены: фарміраванне супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя, адукацыі, навуковых даследаванняў, аграбізнесу і зялёнай энергетыкі" арцыбіскуп Галахер падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва паміж палітыкамі для вырашэння глабальных праблем.
"Лідэры не павінны ізалявацца ці спрабаваць вырашаць усе праблемы самастойна, а павінны супрацоўнічаць з іншымі, каб спрыяць прагрэсу для ўсіх", - сказаў ён.
Ахова здароўя для ўсіх
У пытанні аховы здароўя высокі прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў, што больш за палова насельніцтва свету не мае доступу да базавай медыцынскай дапамогі, а 1,4 мільярда людзей упадае ў галечу з прычыны выдаткаў на лячэнне.
"Апостальская Сталіца падтрымлівае дасягненне ўсеагульнага медыцынскага страхавання", - адзначыў ён, крытыкуючы пры гэтым аборт як "фальшывае рашэнне" праблемы смяротнасці сярод маці.
Адукацыя як шлях да справядлівасці
У дачыненні да адукацыі арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што яна з'яўляецца "першым крокам да грамадства, здольнага да больш справядлівай прафілактыкі і апекі".
Ён прадставіў чатыры стаўпы інтэгральнай адукацыі, прапанаваныя Апостальскай Сталіцай: пазнанне сябе, іншых, стварэння і Трансцэндэнцыі.
Іерарх завяршыў сваё выступленне, цытуючы Папу Льва XIV: "трэба працаваць на карысць свету, у якім улада падпарадкавана сумленню, а права служыць годнасці чалавека".