Іерусалім: Патрыярхі заклікаюць да міру і дзвюх дзяржаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пры ўсёй радасці ад развіцця падзей у сектары Газа, Патрыярхі і кіраўнікі Цэркваў у Іерусаліме выказалі заклапочанасць сітуацыяй на акупаваных Ізраілем палесцінскіх тэрыторыях.
У сумеснай заяве, апублікаванай увечары 14 кастрычніка 2025 года, яны адзначылі, што “з вялікай трывогай” назіраюць за “ростам насілля супраць мясцовых супольнасцей на Заходнім беразе ў сувязі з пашырэннем там пасяленняў”.
Заклік да міру і стварэння дзвюх дзяржаў
Падпісанты заклікалі бакі канфлікту і міжнародную супольнасць пашырыць бягучыя перамовы, каб пакласці канец акупацыі і “дасягнуць стварэння палесцінскай дзяржавы, якая будзе суіснаваць у міры з Дзяржавай Ізраіль”. Гэта, на іх думку, адзіны шлях да “справядлівага і трывалага міру ў Святой Зямлі і на ўсім Блізкім Усходзе”.
Іерархі адзначылі, што “праца па ўсталяванні міру” толькі пачалася. Яны выказалі ўпэўненасць у тым, што далейшыя рознагалоссі паміж бакамі “будуць вырашацца шляхам перамоў і пасрэдніцтва з захаваннем максімальнай стрыманасці, а не праз аднаўленне ваенных дзеянняў”. Паводле іх, рэгіён пакутаваў занадта доўга.
Час для аздараўлення і прымірэння
Настаў час “стаць на вельмі доўгі шлях аздараўлення і прымірэння, які так неабходны паміж палесцінцамі і ізраільцянамі”, - гаворыцца ў заяве.
У якасці “яскравага прыкладу” стойкасці ў веры кіраўнікі Цэркваў назвалі вернікаў дзвюх парафій у горадзе Газа: грэка-праваслаўнай святога Парфірыя і каталіцкай Святой Сям’і. Яны запэўнілі, што будуць “усімі сіламі працаваць, каб бліжэйшыя тыдні і месяцы апраўдалі іх давер да Божага Провіду”.