Прэзідэнт Лула: Папа яшчэ не пацвердзіў свой візіт у Бразілію
Ян Глінскі
13 кастрычніка 2025 года Папа Леў XIV удзяліў прыватную аўдыенцыю лідару найбуйнейшай краіны Лацінскай Амерыкі. Як адзначыў палітык, гэта была “цудоўная” сустрэча: размаўлялі пра веру і рэлігію, а таксама аб Бразіліі і выкліках, якія стаяць перад светам.
Леў XIV паведаміў Луле да Сілве, што з прычыны насычанай праграмы Святога года не зможа прысутнічаць на Сусветным саміце па клімаце. Форум будзе праходзіць у бразільскім Белене з 10 па 21 лістапада 2025 года.
Як напісаў Лула да Сілва на платформе Х, Бразілія будзе надалей чакаць ад Папы пацвярджэння аб візіце. Яго “прымуць з цяплом, любоўю, гасціннасцю і верай бразільскага народа”.
Палітык у сваёй публікацыі таксама павіншаваў Льва XIV з першай апостальскай адгартацыяй “Dilexi te” і падзякаваў Папу за напамін, што веру немагчыма аддзяліць ад любові да бедных. Як падкрэсліў Лула да Сілва, дадзеная адгартацыя з’яўляецца свайго роду кіраўніцтвам, якое варта кожнаму прачытаць і прымяніць на практыцы.
У размове з Пантыфікам палітык, між іншым, казаў пра важнасць касцёльных супольнасцей для яго асабістага жыцця. 79-гадовы Лула да Сілва з’яўляецца прэзідэнтам Бразіліі з 1 студзеня 2023 года. Гэта яго другі тэрмін на пасадзе. Да гэтага ён быў прэзідэнтам дзяржавы з 2003 па 2010 год.