Будучыня Нотр-Дам: у Гран-Пале паказалі праекты
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Да сакавіка 2026 года ў знакамітай зале Гран-Пале можна пазнаёміцца з бачаннем будучыні адноўленай святыні. Выстава пад назвай "Адзіным подыхам" дэманструе творчасць Клэр Табурэ. Менавіта яна перамагла ў конкурсе на аздабленне шасці капліц сабора.
Аўтарка прапануе сучаснае прачытанне біблейскай тэмы Спаслання Духа Святога, выкарыстоўваючы для гэтага асаблівую тэхніку манатыпіі, якую лічыць роднаснай мастацтву вітража.
Праект атрымаў падтрымку з боку прэзідэнта Эмануэля Макрона і парыжскага арцыбіскупа Ларана Ульрыша, якія адзначылі яго высокую мастацкую вартасць.
У той жа час, пытанне аб замене гістарычных вокнаў выклікала значны рэзананс у грамадстве. Петыцыя за захаванне існуючых вітражоў сабрала каля 300 тысяч подпісаў, што сведчыць пра глыбокую неабыякавасць французаў да лёсу нацыянальнай святыні.
Чакаецца, што новыя творы зоймуць сваё месца ў інтэр'еры сабора ў канцы 2026 года.