Пошук

Леў XIV Леў XIV  (ANSA)

Леў XIV увайшоў у топ Вікіпедыі: рэкордныя прагляды

Абранне Льва XIV стала сусветнай інтэрнэт-сенсацыяй. Артыкул пра Папу ўвайшоў у топ-5 самых папулярных старонак Вікіпедыі за 2025 год, усталяваўшы новы рэкорд нагрузкі на сайт.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа выклікаў сапраўдны выбух цікавасці ў інтэрнэце ў 2025 годзе. Паводле даных Фонду "Wikimedia", артыкул пра Пантыфіка, абранага на Пасад Пятра ў маі 2025 года, набраў больш за 22 мільёна праглядаў, заняўшы пятае месца ў штогадовым англамоўным рэйтынгу.

Цікавасць да асобы кардынала Роберта Фрэнсіса Прэвоста пасля яго абрання была фенаменальнай. Фонд зафіксаваў пікавыя нагрузкі, якія дасягалі 800 тысяч праглядаў у секунду – гэта абсалютны рэкорд для платформы, дзе звычайны паказчык складае каля 130 тысяч. Тэксты пра Папу Францішка пасля яго смерці таксама выклікалі вялікую ўвагу, заняўшы 11-е месца.

У рэйтынгу Леў XIV саступіў толькі самым рэзанансным тэмам года. Першае месца заняў артыкул пра забітага амерыканскага актывіста Чарлі Кірка, другое – спіс памерлых у 2025 годзе. На трэцім і чацвёртым месцах апынуліся адпаведна "герой" дакументальнага фільма "Netflix" Эд Гін і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Такім чынам, навіна пра новага Папу стала адной з галоўных сусветных падзей года.
 

03 снежня 2025, 11:24