Спадчына продкаў дома: у Канадзе сустрэлі артэфакты з Ватыкана
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падзея, якую доўга чакалі, адбылася: 62 артэфакты карэнных народаў, якія больш за стагоддзе захоўваліся ў Ватыкане, прыбылі на канадскую зямлю.
У аэрапорце Манрэаля іх сустракалі не як музейныя экспанаты, а як жывых сваякоў, што вярнуліся дадому. Замест стандартнай прэс-канферэнцыі адбылася паўтарагадзінная малітоўная цырымонія, напоўненая падзякай і радасцю.
"Нашы сваякі нарэшце дома", - сказала нацыянальны правадыр Асамблеі першых народаў Сiндзі Вудхаўс Непінак, выказваючы агульныя пачуцці.
Для карэнных народаў гэтыя маскі, макасіны і ўнікальны векавы каяк — не проста прадметы, а святыя, жывыя рэліквіі. Урачыстасць моманту падкрэслілі традыцыйныя спевы і танцы, якія суправаджалі цырымонію. У сустрэчы ўдзельнічалі лідары карэнных народаў, прадстаўнікі канадскага епіскапату, у тым ліку арцыбіскуп Рычард Сміт і кардынал Жэральд Лакруа, а таксама прадстаўнікі ўрада.
Вяртанне стала магчымым дзякуючы волі Папы Леў XIV, які працягнуў справу свайго папярэдніка. Арцыбіскуп Сміт назваў гэта "дарам, прапанаваным у свабодзе і сяброўстве", і важным крокам на шляху прымірэння.
Зараз артэфакты часова размесцяцца ў Канадскім музеі гісторыі, дзе эксперты разам з прадстаўнікамі карэнных супольнасцей вызначаць іх дакладнае паходжанне, каб канчаткова вярнуць іх у родныя землі.